2013-10-27 11:52:34

Акаўнт Папы ў “Твітэры” дасягнуў 10 млн. рэгулярных чытачоў


RealAudioMP3 Вечарам 26 кастрычніка 2013 г. колькасць рэгулярных чытачоў акаўнта папы Францішка ў “Твітэры” дасягнула 10 млн. чалавек. З гэтай нагоды Святы Айцец скіраваў новае твіт-паведамленне ў якім ад усяго сэрца падзякаваў карыстальнікам сацыяльнай сеткі і папрасіў працягваць маліцца за яго. Папскі акаўнт у “Твітэры” быў створаны па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI і быў урачыста адкрыты 12 снежня 2012 г. на васьмі мовах. 17 студзеня была дадзена яшчэ адна моўная версія акаўнта – лацінская, якая карыстаецца папулярнасцю на раўне з іншымі. На канец пантыфікату Бэнэдыкта XVI колькасць рэгулярных чытачоў папскага акаўнта перавышала 3 млн. чалавек. У перыяд “sede vacante” ён не дзейнічаў і быў зноў адкрыты толькі 17 сакавіка, праз чатыры дня пасля абрання на Пасад св. Пятра папы Францішка. З таго моманту колькасць чытачоў Папы ў “Твітэры” стала дынамічна павялічвацца.

Дзякуючы таму, што многія карыстальнікі сацыяльнай сеткі дзеляцца “твітамі” Папы, яны, паводле арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэлі, старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, дасягаюць каля 60 млн. чалавек. Самымі папулярнымі моўнымі версіямі акаўнта з’яўляюцца іспанская (3,1 млн) і італьянская (1,2 млн).








All the contents on this site are copyrighted ©.