2013-10-26 18:43:45

Францішак да сем’яў: недахоп любові найбольш абцяжарвае жыццё


RealAudioMP3 Недахоп любові – гэта тое, што найбольш абцяжарвае жыццё, перакананы папа Францішак. 26 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў чування на плошчы св. Пятра, якое прайшло з нагоды Дня сем’яў, арганізаванага ў Ватыкане Папскай радай па справах сям’і. На сустрэчу пад дэвізам “Сям’я, жыві радасцю веры” сабраліся каля 200 тыс. асоб з розных куткоў свету. Многія з іх прыбылі цэлымі сем’ямі – з сужонкамі, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі. Францішак пачуў сведчанні некалькіх сем’яў, жыццё якіх пазначана болем, звязаным з беднасцю і войнамі. Папа нагадаў словы Хрыста з Евангелля паводле св. Мацвея: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”. Францішак пагадзіўся, што жыццё часта складанае: праца, як і яе пошук – гэта цяжар. “Але тое, што найбольш абцяжарвае жыццё – гэта недахоп любові”, - сказаў ён і дадаў, што жыццё становіцца больш складаным ад недахопу усмешак, увагі, ад маўчання паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, паміж братамі. Папа адзначыў, што Бог ведае пра цяжкасці сем’яў і пра глыбокае жаданне чалавека знайсці радасць спакою. Ён заклікаў усе сем’і ў свеце звярнуцца ў сваіх праблемах да Хрыста. Пантыфік выказаў надзею, што ў лексіконе сужонкаў будуць частымі тры словы: “Калі ласка, дзякуй, прабач”, бо яны здольныя лячыць шматлікія раны сучаснай сям’і.

Францішак адзначыў каштоўнасць сакрамэнту сужэнства, які служыць не для “упрыгожання жыцця”, але для таго, каб муж і жонка былі паяднанымі паміж сабой і выконвалі бацькоўскую місію. Святы Айцец падкрэсліў, што сужонкі моляцца разам і з супольнасцю Касцёла не таму, што так прынята, але таму, што маюць у гэтым патрэбу – маюць патрэбу ў дапамозе Езуса, каб з даверам крочыць разам, каб прымаць і прабачаць адно аднаго штодзённа.

Папа заклікаў сем’і з радасцю крочыць па жыцці, заставацца паяднанымі з Хрыстом і несці Яго іншым праз асабістае сведчанне.







All the contents on this site are copyrighted ©.