2013-10-25 13:05:06

Францішак: клопат пра дзяцей і пажылых людзей – гэта выбар цывілізаванасці


RealAudioMP3 “Па-сапраўднаму хрысціянскія сем’і пазнаюцца па вернасці, цярплівасці, адкрытасці на жыццё, павазе да пажылых”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай рады па справах сям’і, якіх прыняў на аўдыенцыі 25 кастрычніка 2013. г. Пантыфік адзначыў, што Касцёл павінен быць блізка да сем’яў, якія перажываюць цяжкасці, вымушаны пакінуць родную зямлю, разлучаны, не маюць дома, працы ці пакутуюць з іншых прычын; быць блізка да сужонкаў, якія прыбываюць у крызісе ці амаль падыйшлі да разводу. “Да ўсіх хочам быць блізка”, - сказаў ён. Звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай зале Апостальскага палацу, Святы Айцец падкрэсліў некалькі аспектаў, але ў першую чаргу адзначыў, што сям’я, гэта месца ў якім вучацца любіць. “Кожны з нас будуе ўласную асабовасць у сям’і, узрастаючы побач з маці і татам, братамі і сёстрамі, дыхаючы хатнім цяплом. Сям’я – гэта месца ў якім атрымліваем імя, месца любові, прастора блізасці, дзе вучымся мастацтву дыялога і міжасабовай камунікацыі. У сям’і асоба становіцца свядомай уласнай годнасці і асабліва, калі атрымлівае хрысціянскае выхаванне, бачыць годнасць кожнай іншай асобы, у першую чаргу хворай, слабой, маргіналізаванай”, - сказаў Папа.Пантыфік дадаў, што “супольнасць-сям’я” павінна быць прызнана, як такая, асабліва ў наш час, калі дамінуе клопат пра індывідуальныя правы.

На думку Францішка, важна каб сям’я грунтавалася на сакрамэнце сужэнства: менавіта ён робіць мацнейшым саюз сужонкаў і іх узаемнае абдараванне. “Сужэнская і сямейная любоў яскрава паказвае пакліканне асобы любіць выключна і назаўсёды, і што выпрабаванні і крызісы пары і самой сям’і з’яўляюцца нагодамі для ўзрастання ў дабры, праўдзе і прыгажосці. У сужэнстве здзейсняецца дар без разлікаў і умоваў, дзелячыся ўсім, дарамі і адмаўленнямі, давяраючы Божаму Провіду”, - сказаў Папа.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на фундаментальную ролю дзяцей і старых у сям’і – людзей, якія з’яўляюцца найбольш уразлівымі і часта пакінутымі. “Грамадства, якое пакідае дзяцей і маргіналізуе пажылых, адразае свае карані і робіць цёмнай будучыню. (...) Кожны раз, калі дзіця пакідаецца, а пажылы маргіналізуецца, чыніцца не толькі несправядлівасць, але таксама адбываецца заняпад грамадства. Клопат пра маленькіх і пажылых – гэта выбар цывілізаванасці”, - падкрэсліў ён.

Паводле Папы “добрая навіна”, якой з’яўляецца сям’я – гэта важная частка евангелізацыі, якую хрысціяне могуць перадаваць усім, праз жыццёвае сведчанне і ужо робяць, што бачна асабліва ў секулярызаваных грамадствах. Святы Айцец адзначыў, што такія сем’і адразу заўважныя па вернасці, адкрытасці на жыццё і павазе да пажылых людзей. “Таямніца ўсяго гэтага ў прысутнасці Езуса ў сям’і”, - сказаў Францішак і заклікаў з павагай і мужнасцю, працягваць прапаноўваць свету “прыгажосць сужэнства і сям’і асвечаных Евангеллем”.








All the contents on this site are copyrighted ©.