Папа сустрэўся з Прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі
25 кастрычніка папа
Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея Тэадора
Абіянга Нгема Мбасога, які затым сустрэўся з Сакратаром па адносінах з дзяржавамі
арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці. Падчас сардэчнай размовы адзначаўся пазітыўны ўклад
Каталіцкага Касцёла на карысць чалавечага, сацыяльнага і культурнага развіцця краіны,
асабліва ў адукацыйнай і дабрачыннай сферах, а таксама супрацоўніцтва з дзяржавай
з мэтай паляпшэння ўмоваў жыцця насельніцтва. На заканчэнне візіту, Прэзідэнт Экватарыяльнай
Гвінеі і Сакратар па адносінах з дзяржавамі, абмяняліся ратыфікавацыйнымі граматамі
Пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Экватарыяльная Гвінея аб адносінах
паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай, падпісанага 13 кастрычніка 2012 г.
Пагадненне
прызнае юрыдычны статус Каталіцкага Касцёла і яго структур у краіне, а таксама тычыцца
пытанняў звязаных з кананічным сужэнствам, месцамі культу, адукацыйнымі ўстановамі,
духоўным клопатам ад католіках у бальніцах і турмах. З моманту абмену ратыфікацыйнымі
граматамі Пагаднення, якое складаецца з 19 артыкулаў, яно ўвайшло ў сілу.