2013-10-24 13:57:39

Святы Айцец заклікаў хрысціян жыць верай па-сур’ёзнаму


RealAudioMP3 Усе хрысціяне пакліканы крочыць шляхам святасці – нельга быць “хрысціянамі поўдарогі”, падкрэсліў папа Францішак 24 кастрычніка 2013 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. Разважаючы над чытаннем з Паслання св. Паўла да Рымлянаў, Пантыфік нагадаў, што ў жыцці вернікаў заўсёды ёсць перыяд “перад і пасля” сустрэчы з Езусам, падкрэсліўшы, што Хрыстус здзяйсняе ў нас “другое стварэнне”, якое мы павінны развіваць сваім спосабам існавання. “Мы былі нанова створаны Хрыстом! (...) Калі раней наша жыццё, цела, душа, звычкі знаходзіліся на шляху граху, беззаконня, пасля новага стварэння мы павінны намагацца ісці шляхам справядлівасці і асвячэння. Выкарыстоўвайце гэта слова – святасць!”, - заклікаў Папа.

Францішак адзначыў, што веру, прынятую падчас хросту, неабходна развіваць. Сёння, аднак, многія вызнаюць сваю веру ў Хрыста, але жывуць, як хочуць. Паводле Папы, шлях да святасці ляжыць праз прызнанне ўласных грахоў і зварот да Езуса з просьбай пазбавіцца ад іх. “І ў сакрамэнце споведзі Ён цябе аздаровіць. Таксама і нашы недахопы служаць для асвячэння”, - падкрэсліў ён. “Калі прымаем веру, а затым не жывем ёй – з’яўляемся бяспамятнымі хрысціянамі”, - лічыць Францішак.

На думку Святога Айца, калі хрысціяне не ўсведамляюць пачатку новага жыцця пасля хросту, то толькі называюцца хрысціянамі, і, жывучы як язычнікі, з’яўляюцца “хрысціянамі поўдарогі”, якія не ўспрымаюць веру сур’ёзна і не перажылі сапраўднага навяртання.

Францішак заклікаў “згубіць усё, што аддаляе нас ад Езуса Хрыста” і жыць хрысціянствам, развіваючы сваё новае стварэнне.








All the contents on this site are copyrighted ©.