2013-10-24 13:08:26

Біскуп лічыць, што ў Беларусі трэба развіваць душпастырства ў вялікіх гарадах


RealAudioMP3 У Беларусі трэба класці націск на развіццё душпастырства ў вялікіх гарадах. За пошнія 20 гадоў было зроблена вельмі шмат для развіцця “сеткі парафій у вясковай мясцовасці”, але сітуацыя змянілася, адбылася вялікая міграцыя насельніцтва, у тым ліку і каталіцкага, у вялікія гарады. Тым не менш, “калі мы паглядзём на размеркаванне храмаў і катэхетычных цэнтраў, то ўбачым, што яны засталіся на вёсцы”, - адзначыў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Ён дадаў, што таксама і святары не рэдка працуюць “ у выміраючых вёсках”, а “новыя мікрараёны гарадоў застаюцца без іх”. Іерарх узгадаў ініцыятыву Патрыярха Маскоўскага Кірыла, які заклікаў будаваць храмы “крокавай даступнасці”. Біскуп Дзям’янка знаходзіцца з візітам у Рыме, дзе прымае ўдзел у кангрэсе, прысвечаным 30-годдзю Хартыі правоў сям’і.

За апошнія тры дзесяцігоддзі сітуацыя сям’і кардынальна змянілася, у тым ліку і ў Беларусі, адзначыў біскуп. Яна настолькі імкліва развівалася, што Касцёлу было вельмі складана “пераарыентавацца”, тым больш што ён выйшаў з часоў пераследу вельмі аслабленым, амаль што без святароў.

Паводле іерарха, знакавым фактарам для беларускай сям’і сёння з’яўляецца ўнутраная і знешняя міграцыя, калі яе члены вымушаны выяжджаць на заробкі ў іншыя гарады ці краіны. Часта, гэта становіцца прычынай распаду сем’яў і новай з’явы, якая атрымала назву “еўрасіроцтва”, калі бацькі пакідаюць сваіх дзяцей на апеку сваякам, бо павінны шукаць працу далёка ад дому.

Іерарх звярнуўся да вобразу сучаснай беларускай сям’і. Ён адзначыў, што гэта людзі ў асноўным працавітыя, якія не рэдка клапоцяцца аб сваёй духоўнай складаючай. Але не можна не казаць і аб праблемах, якія перажывае сучасная сям’я: разводы, аборты, самагубствы. На думку біскупа, Касцёл тут можа шмат зрабіць праз сваю малітву і душпастырства. Ён прывёў прыклад малітоўнай ініцыятывы ўсынаўлення ненароджанага дзіцяці, якая актыўна развіваецца ў Беларусі. Часта вельмі вялікія групы пры парафіях моляцца за дзіця ва ўлонні маці, якому пагражае аборт. Іерарх нагадаў, што Беларусь сёння патрабуе святых сем’яў, таму трэба горача прасіць Бога аб гэтым і прадпрымаць намаганні на ўзроўні Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.