2013-10-23 16:07:51

Хрысціянства і літаратура. Дж.Р.Толкін (ІІІ)


Пад час мінулых сустрэчаў я намагаўся паказаць, што ён быў сапраўдным практыкуючым хрысціянінам-католікам, што ён быў чалавекам малітвы. Сёння ж я хацеў бы больш прыглядзецца да ягонай творчасці. Давайце возьмем ды пагартаем яго найбольш вядомы твор «Уладар пярсцёнкаў».

Агульная іфармацыя пра кнігу

Некалькі слоў тут трэба сказаць для тых, хто ніколі не чытаў «Уладара пярсцёнкаў». Сюжэт гэтай кнігі такі: дзеі адбываюцца на Зямлі ў дагістарычны час, у Міжзем'і Трэцяя эра змяняецца на Чацвёртую, ды раней пераможаны злы дух Саўрон зноў набірае моц. Хоча ён заваяваць увесь свет – для гэтага яму не хапае толькі Адзінга Пярсцёнка Ўлады.

Так сталася, што гэты Пярсцёнак апынуўся ў руках істоты вельмі малой ды слабой – хобіта, якога завуць Фрода. Вельмі хутка Фрода даведваецца, што адзіным спосабам уратаваць Міжзем'е – гэта здзейсніць вандроўку да Гары Выраку ды кінуць у яе гэты небяспечны прадмет. Падчас уласна гэтай вандроўкі, якую апісвае кніга Толкіна, адбываецца асабовы рост герояў кнігі. Урэшце Пярсцёнак кінуты ў Гару Выраку, але гэты свет ужо ніколі не будзе такім, якім быў раней.

Фрода – выбар і наканаванне

Гісторыя паклікання Фрода да ўдзелу ў вандроцы да Гары Выраку пачынаецца, так бы мовіць, з «апошняга раздзелу» гісторыі яго дзяцькі Більба. Уласна па ім ён неспадзявана атрымоўвае ў спадак Пярсцёнак Улады. Пярсцёнак стаецца прычынай усіх няшчасцяў Фрода, бо з-за яго ён вымушаны пераадоліць поўну цяжкасцяў вандроўку. Выклікае яна ў мяне асацыяцыю з Крыжовай дарогай, якую праходзіць кожны хрысціянін у сваім жыцці па прыкладу Ісуса Хрыста.

Аднак з усяго кантэкста бачна, што Вандроўка стаецца нечым вельмі каштоўным для многіх герояў кнігі. Уласна падчас яе ў Фрода адбываюцца сур'ёзныя ўнутраныя змены – гэта ўжо не той Фрода, які быў напачатку... Пярсцёнак, які стаў прычынай няшчасцяў, стаецца прычынай ласкі. Трапна фармулюе гэту думку Сін МакГрэc, які ў сваім артыкуле піша наступныя словы: «У поўнай болі пілігрымцы Фрода да Мардора і Шчылін Знішчэння, глыбіня нашай ахвяры ёсць прынамсі адпаведна намалявана. Бо калі Бог просіць нас, каб мы перакрочылі наш цяперашні status guo, то Ён просіць нас, каб мы пераламалі ды вычэрпалі сябе так як Фрода, які ўсяго сябе прысвячае свайму заданню» (S.McGrath, Страсці паводле Толкіна).

Усё, што адбываецца ў Міжзем'і, развіваецца ў кантэксце пэўнай рэчаіснасці, якая акрэсліваецца словам Лёс, Наканаванне. Уласна гэта паняцце робіць твор «Уладар Пярсцёнкаў» рэлігійнай кнігай. У Толкіна яно ёсць вельмі блізкае паняццю Божага Провіду.

Давайце паглядзім на Наканаванне ў кантэксце місіі Фрода. Тут можа паўстаць пытанне: кім ён стаў выбраны для сваёй місіі? Адзін з галоўных герояў так фармулюе гэту думку: «Тут мне бачыцца шмат чаго па-за якімі заўгодна плянамі Майстра пярсцёнкаў. А прасцей, Більба было наканавана знайсці пярсцёнак. А табе, у сваю чаргу, прызначана захоўваць яго. І ў гэтым я бачу надзею» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсцёнкаў, с. 59)

Гераізм малых і пакорных

Фрода, як я ўжо ўзгадаў раней, не меў нейкіх асаблівых пераваг – ён быў звычайным хобітам. А хобіты – гэта істоты малыя ды не маючыя нейкіх асаблівых сіл фізычных. Яны больш схільныя да сейбарыцкага стылю жыцця, чым да нейкіх гераічных учынкаў. Праз такі вобраз Толкін хацеў паказаць, што ў істотах слабых часта знагодзіцца ў скрайніх сітуацыях гераізм, які здавалася б не магчыма было ад іх чакаць.

Фрода не галівудскі супермэн – хладнакроўны, моцны, калі трэба суворы і жорсткі. Фрода паводзіць сябе, як звычайны чалавек, мае звычайныя чалавечыя рэакцыі. Элементамі яго «чалавецтва» з'яўляюцца спакусы, цяжкасці, небяспекі...

На першы погляд можа падацца, што Фрода не мае выбару, але нават вымушаны да таго, каб вырушыць у падарожжа. Аднак Гэндальф верны сябар і настаўнік Фрода нястомна прыгадвае яму, што рашэнне належыць толькі да яго. Гэндальф запытвае Фрода пра ягоны выбар і гэтае пытанне гучыць падобна, як дэлікатная прапанова Бога прароку Ісае: «Каго маю паслаць? Ды хто ад нас пойдзе?» (Іс. 6:8а).

Фрода – гэта вобраз хрысціянскага гераізма. Вось як пра гэта піша Павел Парфенцьеў у сваёй кнізе: «Гераізм у «Валадару пярсцёнкаў» з'яўляецца гераізмам даступным не толькі «вялікім і моцным», але тасама не ў меншай ступені «малым і пакорным» - у гэтым ёсць яго адрозненне ад «язычніцкага» бачання гераізма» (П.Парфенцьеў, Эха Добрай Навіны: хрысціянскія матывы).

На гэтым сябры, я развітваюся з вамі. Жадаю нам ўсім сапраўднага хрысціянскага гераізма і... добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.