2013-10-23 16:19:17

Хрысціянства і літаратура. Дж.Р.Толкін (VI)


У фокусе нашай увагі, таксама як і некалькі папярэдніх перадачаў, ангельскі пісменнік Дж.Р.Р.Толкін. Сёння мы працягваем гартаць яго найбольш вядомы твор «Уладар пярсцёнкаў».

У папярэдніх перадачах я пазнаёміў вас, сябры, з некаторымі героямі гэтага літаратурнага твору – Фрода і Глыксам. Фрода – гэта ўзор вернасці і хрысціянскага гераізму, Глык жа – можна сказаць – ёсць вобразам старага чалавека, падшага Адама, прысутнага ў пэўнай ступені ў кожным з нас.

Можна б было і далей аналізаваць “Уладара пярсцёнкаў” на падставе іншых герояў твору, але адначасова не хочацца, каб нашыя перадачы рубрыкі “Хрысціянства і літаратура” былі здамінаваныя “талкіналогіяй”. Вось чаму сёння, я хачу вашую ўвагу, шаноўныя радыёслухачы, звярнуць на больш агульную тэму, якая прасочваецца ва ўсім творы дастойнага Прафесара. Мяркую, што гэтая тэма заслугоўвае нават асобнай назвы і гэтая назва – Тэалогія памірання.

“Тут я займаюся выключна Смерцю”

“Тут я займаюся выключна Смерцю, як часткаю фізычнай і духоўнай прыроды чалавека, таксама Надзеяй без гарантыі” – менавіта ў такіх словах распавядаў Толкін у адным з сваіх лістаў пра сваю працу над “Уладаром пярсцёнкаў”. У іншым месцы ён паўтарае: “Апавяданне галоўным чынам датычыць Смерці і Несмяротнасці, а таксама “уцёкаў” ад іх: доўгавечнасці ды назапашвання успамінаў” . Гэтак агульна сфармуляваная аўтарам тэма яго твору можа быць цалкам нечаканай, прынамсі здзівіць напачатку, але ўсёж для тых, хто чытае ўважліва, не будзе гэта вялікай навіной.

Уласна праблема Смерці і Несмяротнасці робіць “Уладара пярсцёнкаў” такім блізкім і актуальным для кожнага чалавека. На другім месцы прафесар ставіць “Надзею без гарантый”. Уласна такая надзея ёсць мастом, які злучае чалавека і трансцэндэнтную рэчаіснасць – абсалютнае шчасце, Бога.

Як ў нашым рэальным сусвеце гэтак і ў сусвеце Толкіна існуе смерць. Таксама як у нашым сусвеце рэальным, гэтак і тут, некаторыя згаджаюцца з фактам памірання, другія гэтага памірання не прымаюць, не пагаджаюцца з ім, бунтуюць. І хоць не ўстане яны гэты факт змяніць, яны ствараюць сабе рознага тыпу “уцёкі”. Толкін выразна паказвае (у рамках сваёй творчасці), што адзіным рашэннем праблемы смерці і несмяротнасці ёсць свядомае і дабраахвотнае паміранне.

Спакуса несмяротнасці

Прафесар таксама меўся аднойчы сказаць, што тэмай “Уладара пярсцёнкаў” ёсць спакуса несмяротнасці, зразуметая як усемагутнасць . Сутнасць гэтай спакусы ў тым, каб жыць так, нібы смерці няма.

Сін МакГрэс у сваі артыкуле наступным чынам фармулюе гэту праблему: “Несмяротнасць, якую павінны адкінуць галоўныя героі, гэта імглістая, але вельмі рэальная, натуральная ўсемагутнасць, прапанаваная ім Пярсцёнкам Чорнага Ўладара. Пад час місіі знішчэння яго, усе героі трылогіі – Більба, Фрода, Арагорн, Гандальф, Сэм і Галадрыэль – паўстаюць перад спакусаю ўжыць моц Пярсцёнка, каб узнясціся бязмерна і самому стаць Чорным Уладаром, усемагутным і несмяротным. Такім чынам іх місія заснаваная на знішчэнні гэтай магчымасці, ёсць вырачэннем саміх сябе, адкіданнем надзеі на несмяротнасць, экспедыцыя за смерцю” .

Гэты свой выбар яны павінны нястомна падцверджваць. Свядомае і дабраахвотнае паміранне закладае існаванне такой рэчаіснсці як “ахвяра”. Не лёгка пагадзіцца на ахвяру, нават не магчыма, калі няма ніякага дачынення з “Надзеяй без гарантыі”. Узнікае і расце ўнутраны канфлікт – асоба імкнецца асэнсаваць сваю тоеснасць. Асэнсаваць, знайсці сваю тоеснасць – вось заданне, якое рашаюць паасобныя героі “Уладара пярсцёнкаў”.

Дар Ілуватара

Каб у поўні зразумець, чым з’яўляецца смерць ва “Уладары пярсцёнкаў” трэба звярнуцца непасрэдна да міфалогіі Толкіна, якая знаходзіцца ў яго фундаментальнай працы Прафесара - Сільмарыліёне. Вось жа Сільмарыліён апавядае прыгожую гісторыю пра дзяцей Ілуватара: эльфах і людзях. (Ілуватар – гэта Творца ў прыдуманым сусвеце Толкіна, Ардзе).

Асаблівае месца ў гэтай гісторыі займае “новы” дар Ілуватара людзям: “З дарам свабоды спалучаны іншы, які асноўваецца на тым, што дзеці чалавечыя толькі напрацягу кароткага часу цешацца жыццём на свеце і не звязаныя з нім назаўжды; адыходзяць з яго, але эльфы не ведаюць куды”. Гэты дар – дар смерці, які ёсць іхнім прызначэннем.

У гэтым самым месцы Сільмарыліён адказвае на пытанне, чаму смерць пачалі атаесамліваць са злом. Аказваецца, што “Мелькор змяшаў са змрокам і сказіў сваёй ценню гэты дар Ілуватара, дабро перамяніў у зло, а надзею ў страх”.

Калі мова ідзе пра эльфаў, то яны – несмяротныя. Толкін тлумачыць, што гэта несмяротнасць (сцісла кажучы, доўгавечнасць) роўная перыяду Арды – сусвету Толкіна. Эльфы маюць доўгавечнасць, але незадаволеныя ёю, а нават зайздросцяць “смяротным”, а часам шукюць смерці. І гэты факт з’яўляецца пэўным доказам на тое, што сама несмяротнасць-доўгавечнасць не дае шчасця.

На гэтым, сябры, дазвольце развітацца з вамі, паўтараючы за старажытнымі рымлянамі мудрыя словы: memento mori… І добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.