2013-10-23 16:04:46

Хрысціянства і літаратура. Дж.Р.Толкін (II)


Пад час мінулай сустрэчы я трошкі накрэсліў жыццярыс Толкіна: мы звярнулі ўвагу на тое, як паўплывалі на ягоны светапогляд маці, сябры, Першая сусветная вайна... Мы развіталіся з Толкінам, калі яму споўнілася 24 гады.

Мы маглі б і далей гартаць старонкі біяграфіі гэтага выдатнага ангельскага пісьменніка, але я сваім заданнем лічу не проста распавесці вам, шаноўныя сябры, даты і факты, але распавесці нешта такое, чаго вы ня знойдзеце ў Вікіпедыі. Напэўна вы знойдзеце ў Вікіпедыі, той факт, што Толкін быў бацькам чатырох дзяцей, але яна не надае ўвагу такому важнаму для нас факту, што ягоны другі сын Майкл быў рыма-каталіцкім святаром. Вікіпепдыя ўзгадвае, што Толкін быў католікам, але, канешне, не можа распавесці пра тое, што ён усім сваім жыццём пісаў… “тэалогію смерці, памірання”.

Еўхарыстыя і Смерць

Хто можа лепей распавесці пра сябе, чым сам чалавек? Давайце і мы дадзім голас Прафесару, каб ён сам асабіста пасведчыў пра свае перакананні. Далей паслухайце, калі ласка, кароткія вытрымкі з ягоных Лістоў, якія ён пісаў розным людзям, але перад усім сваі дзецям.

Вось урывак з лісту да сына Майкла:

Са змроку свайго жыцця так моцна заблытанага, стаўлю перад Табой адну вялікую рэч, якую трэба любіць на зямлі: Найсвяты Сакрамант… Там знойдзеш рамантызм, славу, гонар, вернасць, сапраўдную сцежку ўсяго таго, што любіш на свеце і штосьці болей: Смерць; дзякуючы боскаму парадоксу тую, якая завяршае жыццё і патрабуе аддаць усё, а аднак дзякуючы смаку (ці прадсмаку) якой можна ўтрымаць тое, чаго шукаеш у зямных адносінах (любоў, вернасць, радасць), або можна надаць ім такі характар рэчаіснасці - вечнай трываласці, якой кожны чалавек прагне ў глыбіне душы (Listy 43).

Еўхарыстыя і Смерць. Менавіта гэтымі двумя паняццямі можна акрэсліць светапогляд Толкіна. Няма ў іх нічога новага ці банальнага – гэтыя дзьве рэчаіснасці, якімі жылі першыя хрысціяне, якія збіраліся супольна вакол нядзельнай Еўхарыстыі, ды якія часта былі пакліканы засведчыць пра сваю веру ўласнай смерцю. Смерць жа для Толкіна гэта не столькі аднаразовы акт, але хутчэй працэс памірання падчас выканання свайго зямнога абавязаку, тады калі робіш тое што належыцца табе паводле твайго сумлення, паклікання... (У гэтым нам давядзецца яшчэ пераканацца, калі бліжэй пазнаёмімся з некаторымі героямі ягоных кнігаў).

Малітоўнае правіла Толкіна

На падставе чытання Лістаў Толкіна, я маю адвагу сказаць, што імі Толкін фактычна выхоўвае сваіх дзяцей. У іншым лісце да трэцяга сына Крыстофера ён распавядае пра сваё малітоўнае правіла:

“Калі ў Цябе не атрымаецца асягнуць унутраны мір, што даецца нешматлікім (ды найменш мне) ў цяжкія моманты, не забывай тое, што імкненне да яго не ёсць чымсці пустым, але канкрэтным чынам. Прабач, што так кажу, у дадатак блытана. Аднак не магу зрабіць для Цябе, мой дарагі, нічога больш….

Калі яшчэ гэтага не робіш, займей найперш звычку да падзячнага малітаслоўя. Я часта гэта раблю (па-лацінску): Gloria Patri, Gloria in Excelsis, Laudate Dominum; Laudate Pueri Dominum (якую я асабліва люблю), адзін з нядзельных псалмаў і Magnificat; а таксама Ларэтанскую літанію (з малітвай Sub tuum praesidium). Калі ведаеш яе напамяць, то ніколі не будзеш мець у нястачы слоў радасці. Таксама добрая і дастойная захлення рэч – гэта ведаць напамяць канон імшы, бо калі ўмовы не дазваляюць, каб выслухаць яе, то можаш у духу сабе яго прамаўляць. (…) Вельмі моцна Цябе люблю” (Listy 54).

Ну што ж, гэта дастойная ўвагі парада не толькі для адрасата лісту, але таксама і для нас. Сёння быць можа лацінскія назвы гучаць для нас не па-свойску. Gloria Patri – гэта малое славаслоўе: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін. Наступная малітва Gloria in Excelsis – гэта вялікае славаслоўе, якое пачынаецца словамі: Слава на вышынях Богу і супакой на зямлі людзям добрай волі…

Laudate Dominum – гэта Псалм 117(116), які пачынаецца ловамі: Алілуя. Хваліце Госпада, усе пагане… Далей Laudate Pueri Dominum – гэта Псальм 113(112), які пачынаецца вершам: Алілуя. Хваліце, слугі Госпадавы, хваліце імя Госпада. Гэты псальм уласна і быў улюбёнай малітвай Прафесара. Magnificat ды Ларэтанская літанія сучаснаму католіку знаёмыя назвы, а вось Sub tuum praesidium азначае малітву да Багародзіцы: Пад Тваю міласэрнасць прыбягаем.

Не ведаю як вам, шаноўныя слухачы, але мяне ўражвае гэты спіс малітваў, асабліва калі ўзяць пад увагу, што напрыканцы яго стаіць канон імшы, які Толкін ведаў напамяць. Пасля гэтага зусім не павінны здзіўляць нас словы, якія Прафесар піша ў іншым месцы: “…маёй мэтай ёсць насвятленне праўды ды заахвота да практыкавання маральнасці ў гэтым праўдзівым свеце…” (Listy 153).

Варта і нам падумаць пра сваё малітоўнае правіла ды й вогуле пра сваё духоўнае жыццё. Як выглядае мая малітва, і што я жадаю змяніць праз яе ў гэтым праўдзівым свеце? Можа і нам варта вывучыць напамяць хаця б нейкі адзін псальм… хай сабе і не па-лаціне, а па беларуску.

Я ж, сябры, развітваюся з вамі. Працягнем разважаць ужо пра саму творчасць Толкіна ў наступнай праграме. Усім вам жадаю добрай малітвы і… добрага вам чытання!

Айцец Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.