2013-10-23 17:26:26

Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (ІІІ)


RealAudioMP3 Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.

«Гары Потэр» з вышыні птушынага палёту

Твор Джоан Роўлінг, усе сем кніг пра Гары Потэра (не гледзячы на тое, што кожную кнігу ў прынцыпе можна лічыць самастойным творам), ствараюць сабой цэласную панараму гісторыі, якую жадае нам распавесці аўтарка. Гэта гісторыя любові. Так, менавіта, так. Я зусім не дазволіў сабе тут перабольшыць. Калі здолеем абстрагавацца ад казачнага кантэксту (чараў, цмокаў, эльфаў і г.д.), то што мы зможам пабачыць?

Уся гісторыя, як хтосьці мог бы заўважыць, замешана на Гары Потары, Хлопчыку-які-выжыў. Гары называюць Хлопчыкам-які-выжыў, бо на яго ў немаўленстве быў здзейснены замах. Гэты замах учыніў злы і вядомым усяму магічнаму свету чараўнік Воландэморт. Ён забіў бацькоў Гары, але калі паспрабаваў забіць немаўля, то гэта ў яго не атрымалася, а сам ён страціў сваю моц і мусіў тэрмінова схавацца.

Але дзякуючы чаму, ці лепей сказаць «дзякуючы каму» выжыў наш галоўны герой? На гэтае пытанне даецца адказ на працягу ўсіх сямі кніжак, ды ў кожнай па-мастацку ўсё глыбей і глыбей раскрываецца дадзеная тэма. Вось жа Гары Потэра ўратавала яго маці, якая аддала сваё жыццё, а лепей сказаць прынесла сябе ў ахвяру за сваё дзіця. Менавіта, калі заўгодна, «магія» любові яго маці ўратавала і абараняла Гары ад зла, якое намагаўся ўчыніць яму галоўны адмоўны герой Воландэморт. Любоў і самаахвярнасць – вось лейтматыў, які прасочваецца ў гісторыі расказанай нам Роўлінг. Ужо ў першай кнізе Дамблдор гаворыць Гарі, што любоў – гэта тое, чаго не можа зразумець Воландэморт, таму не бярэ пад увагу моц, якую яна дае людзям. Давайце паслухаем цытату:

- Твая маці загінула ратуючы цябе. Ёсць толькі адна рэч, якую ніколі не зразумець Воландэморту – любоў. Ён не зразумеў, што яе любоў была такой моцнай, што яна пакінула на цябе свой знак. І гэта не шнар, гэты знак немагчыма ўбачыць... аднак, нават калі, чалавек які нас настолькі глыбока любіць, памірае, то яго пачуццё назаўжды дае нам пэўную абарону. Яно ў самой тваёй скуры (Дж.Роўлінг, «Гары Потэр і філасоўскі камень»).

Цяжкрыжы Воландэморта

Прыгледзімся цяпер бліжэй да галоўнага адмоўнага персанажа твору – Воландэморта. Ён, прагны несмяротнасці, падзяліў сваю душу на сем кавалкаў ды змясціў іх у пэўныя прадметы, якія называюцца цяжкрыжамі (крэстражамі). Сэнс іх у тым, што калі нават Воландэморт і загіне, то зможа адрадзіцца з-за аднаго са сваіх цяжкрыжоў. Трэба заўважыць, што такая магія – нечуванае злачынства, бо дзеля таго каб вырабіць такі цяжкрыж трэба забіць чалавека!

З пункту гледжання хрысціянскай духоўнасці гэта вельмі ўдалы вобраз таго, што адбываецца з чалавекам, калі ён грашыць смяротным грахом. Увогуле, кожны грэх уносіць разлад ва ўнутранае жыццё чалавека, а смяротны грэх зрывае ўнутраную сувязь паміж Богам і чалавекам. Таму душа Воландэморта, падзеляная на сем кавалкаў, можа быць сімвалам бязладу душы чалавека, сімвалам знішчанага сумлення. Цікава, што пісьменніца не зачыняе адваротнай дарогі грэшнікам, бо і для Воландэморта існуе магчымасць вярнуць інтэгральнасць сваёй душы. Праўда для гэтага існуе толькі адзін шлях – шчырае раскаянне, пакаянне.

Але вернемся да цяжкрыжоў. Кожны з іх сымвалізуе нейкую заганную жарсць. Каб знішчыць іх, што з'яўляецца ўмовай перамогі над Воландэмортам, трэба валодаць адпаведнай супрацьлеглай да жарсці цнотай. Вось цяжкрыж Дзённік Тома Рэдла - гэта жарсць маніпулявання людзьмі. Ён быў знішчаны Гары, які ўвасабляе сабой цноту любові і самаахвярнасці. Другі цяжкрыж – пярсцёнак Марвало Мракса. Пярсцёнак – гэта сымвал улады. Яго змог знішчыць той, хто сам адмовіўся ад улады ды валодае цнотай сціпласці – Альбус Дамблдор.

Трэці цяжкрыж – гэта Медальён Слізэрына, які можа быць сімвалам неўтаймаваных амбіцый рэалізаваных любым коштам. Яго змог знішчыць Рональд Увізлі, той, хто змог вырачыся сваіх уласных амбіцый ды ў сваёй пакоры пагадзіўся заставацца ў цені свайго знакамітага сябра. Чацвёрты цяжкрыж – гэта «Кубак Пенелопы Пуфіндуй». Гэты кубак з'яўляецца сімвалам пагарды да іншых людзей, асабліва людзей не шляхетнага роду. Лёс знішчыць гэты цяжкрыж выпадае Герміёне Грэйнджар. Яна «полукроўка», што азначае, што яе бацькі не чараўнікі. Гэта акалічнасць нібы паказвае, што не ўсё вырашае шляхетнае паходжанне і сацыяльны статус.

Пяты цяжкрыж – гэта Дыядэма Кандзіды Когтэўран. Яна паводле легенды павінна дадаваць розум таму хто ёй валодае. Аднак яе нішчыць выпадкова, і ў гэтым горкая іронія, чалавек зусім неразумны – Вінцэт Крэб. А гэта таксама знак для чытачоў – смяротна небяспечна быць разумным і недастаткова мудрым... Шосты цяжкрыж – гэта Змяя Нагайна. Змяя тут з'яўляецца сімвалам разважлівай, падступнай і ганебнай подласці. Толькі мужнасць можна супрацьпаставіць такой рафінаванай жарсці. Шосты цяжкрыж нішчыць мужны Нэвіл Даўгапупс, які застаецца верным нават тады, калі здаецца што ўсё прайграна.

Нам засталося даведацца пра сёмы цяжкрыж. Але з ім не ўсё так проста. Бо ім з'яўляецца... Не, сёння я не выдам вам, сябры, гэту інфармацыю. Гэтаму пытанню мы прысвяцім частку часу ў наступнай перадачы. Ну, але канешне, ніхто не забараняе вам пайсці ў бібліятэку і добра падрыхтавацца да нашай сустрэчы. Калі так, то... добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.