Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (ІІ)
Сёння мы працягваем
знаёміцца з Джоан Кэтлін Роўлінг, аўтаркай вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.
Няўдалы
шлюб
У мінулай перадачы я ўжо распачаў рабіць біяграфічны нарыс спадарыні
Роўлінг ды прыпыніўся на тым, што пасля цяжкай смерці сваёй маці яна з'язджае шукаць
сваё шчасце ў Партугалію. Менавіта тут яна пачынае сур'ёзную працу над сваім раманам
пра хлопца, які даведаўся, што ён чараўнік і трапляе ў адмысловую школу чараўнікоў.
Сама ідэя рамана з'явілася яшчэ ў Англіі, калі Роўлінг ехала з Манчэсцера ў Лондан.
Цягнік затрымалі і яна 4 гадзіны ў вагоне абдумвала сваю ідэю. Вось як яна сама пра
гэта гаворыць:
Я вярталася ў Лондан сама ў перапоўненым цягніку, і ідэя пра
Гары Потэра проста прыйшла мне ў галаву. Я пісала амаль бесперапынна з шасцігадовага
ўзросту, але ніколі раней мяне так не ўсхвалёўвала ідэя. Да майго вялізнага расчаравання,
у мяне не было асадкі і я была занадта сарамлівая, каб папрасіць каго-небудзь пазычыць...
У мяне не было працоўнай асадкі з сабой, але я думаю, што, напэўна, гэта было добра.
Я проста сядзела і думала чатыры гадзіны (затрымкі цягніка), у той час як усе дэталі
былі падобны бурбалкам у маёй галаве, і гэты худы чорнавалосы хлопчык у акулярах,
які не ведаў, што ён чараўнік, станавіўся для мяне ўсё больш і больш рэальным.
Аднак
вернемся да Партугаліі, куды Роўлінг прыехала выкладаць ангельскую мову і шукаць свайго
шчасця. Тут Джоан няўдала выходзіць замуж за партугальскага журналіста. У 1993 годзе
ў іх нарадзілася дачка – Джэсіка. Праз трынаццаць месяцаў і адзін дзень пасля вяселля
Джоан разводзіцца са сваім мужам, як некаторыя даследчыкі лічаць з-за насілля ў адносінах
да яе з боку былога мужа.
Такім чынам Джоан зноў апыняецца ў Вялікабрытаніі,
а больш дакладна ў Шатландыі, у Эдзінбургу, дзе жыве яе малодшая сястра. У яе на руках
маленькая Джэсіка ды таксама стосы рукапісаў – тры раздзелы новай кнігі. Гэта быў
адзін з самых цяжкіх перыядаў жыцця Роўлінг. Праз сем гадоў пасля заканчэння універсітэта
Роўлінг лічыла сябе «самай вялікай няўдачніцай, якую ведала». Яе шлюб распаўся, яна
была без працы і з дзіцем на руках. Пазней аднак яна апісвала сваю няўдачу як выбаўленне.
Як сама яна гаворыць:
Няўдача азначала выбаўленне ад усяго неістотнага. Я перастала
прыкідвацца перад сабой, што я была нейкай іншай, чым на самой справе, і стала накіроўваць
усю сваю энергію на завяршэнне адзінай працы, якая нешта для мяне значыла. Калі б
я сапраўды асягнула поспех у чым-небудзь яшчэ, я б ніколі не змагла знайсці рашучасць
дамагчыся поспеху ў тым, што было сапраўды маім. Я вызвалілася, таму што мой самы
вялікі страх рэалізаваўся, а я ўсё яшчэ была жывая, у мяне ўсё яшчэ была дачка, якую
я любіла, у мяне была старая пішучая машынка і вялікая ідэя. Гэтак каменнае дно стала
трывалым падмуркам, на якім я перабудавала сваё жыццё.
Роўлінг і дэментары
Тым
не менш, у тыя часы Роўлінг нічога не ведала пра свой будучы поспех. Яна перажывала
моцную клінічную дэпрэсію, і менавіта кніга, якую яна трывала пісала, дапамагала ёй
перамагчы гэту хваробу. Кніга сталася для яе адзінай дастойнай мэтай у жыцці, у ёй
яна (выказваючыся мовай псіхолагаў) аб'ектывізавала свае перажыванні, сваё бачанне
жыцця.
Напрыклад, у кнігах пра Гары Потара сустракаем такіх персанажаў як дэментары.
Гэта такія істоты, якія забіраюць у людзей усю радасць, у іх прысутнасці чалавек не
ўстане думаць пра добрыя рэчы – ім валодаюць выключна благія думкі. Супраць дэментараў
дапамагае толькі адно закляцце, якое атрымоўваецца толькі тады, калі пераможаш навалу
благіх думак ды ўзгадаеш нешта добрае і радаснае – самы лепшы ўспамін са свайго жыцця.
Тут
я не выпадкова трошкі далей адышоў ад апісання жыццярысу пісьменніцы ды звярнуўся
да яе твору. Справа ў тым, што «закляцце ад дэментараў» з'яўляецца асноўным інструментам
духоўнага жыцця хрысціяніна. Не спяшайцеся мяне перадаваць анафеме, бо гэта сапраўды
так і я зараз усё патлумачу. ...Вось жа, паводле духоўных настаўнікаў хрысціянскага
Ўсходу, сэнс духоўнага жыцця ў тым, каб змагацца са сваімі благімі думкамі. Дзеля
гэтага вялікі духоўны настаўнік Евагрый з Понту выпрацаваў сістэму, якая называецца
па-грэцку antirrhesis («запярэчванне»). Сэнс гэтай сістэмы ў тым, каб карыстацца пэўнымі
добрымі думкамі-помысламі супраць думак благіх.
Помыслы бываюць пазітыўнымі
і пярэчлівымі. Пярэчлівыя помыслы – гэта такія думкі, якімі мы адкідаем благія думкам
у сваёй галаве, не згаджаемся з тым да чаго яны нас схіляюць, пярэчым ім. Іншымі словамі
гаворым благім думкам: «не дазваляю!». Пазітыўныя помыслы – гэта такія думкі, якія
звернуты на тое, каб адвярнуць нашую ўвагу ад благіх думак, і той безнадзейнай сітуацыі,
якую яны нам навязваюць. Напрыклад я адчуваю сум, але ўзгадваю словы са Святога Пісання,
пра тое, што Ісус наказваў сваім вучням: «трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач» (Лк.
18:1). Я пачынаю канцэнтравацца на гэтых словах, паўтараць іх, такім чынам словы Святога
Пісання, думкі і настрой выкліканы імі, робяцца для мяне зброяй на сум і роспач.
Менавіта
ў гэтым сутнасць «закляцця ад дэментора»! Яно – пазітыўны помысл. Дэментары – гэта
ўвасабленне безрадаснага, дэпрэсіўнага стану чалавека, з якім магчыма змагацца толькі
адзіным спосабам – паверыць, што радасць, якая была ў тваім жыцці, мацнейшая за твае
нягоды і што дзякуючы гэтай радасці ты пераможаш.
Такім чынам бачым, што прынамсі
некаторыя вобразы Роўлінг, пры належнай растаропнасці, могуць быць выкарыстаны намі
у хрысціянскай катэхезе для таго, каб навучыць дзяцей і дарослых асноўным прыёмам
духоўнай барацьбы. Мне здаецца, што такі падыход значна лепшы, чым проста забараніць
чытаць добрую казку, гэтым самым выклікаючы ў дзіця ўнутраны канфлікт паміж яго верай
у Бога і верай у то, што кніжка пра Гары Потэра таксама добрая. Можа стацца, што бачачы
неабгрунтаваную агрэсію з боку людзей, якія забараняюць яму чытаць яго любімую кнігу,
дзіця абярэ толькі бок Потэра і несвядома адыдзе ад Бога.
Я ж жадаю вам і сабе,
сябры, ніколі не адысці ад Бога, а таксама сапраўднай радасці, крыніцай якой з'яўляецца
толькі наш Госпад Ісус Хрыстос. Змагайцеся з сумам і роспаччу ды... добрага вам чытання!