Святы Пасад супраць паўтарэння іракскага сцэнарыя для хрысціян Сірыі
Святы Пасад заклікаў
да тэрміновага клопату аб міры і дабрабыце ўсіх народаў Блізкага Усходу. Падставай
для гэтага павінна служыць павага да годнасці чалавечай асобы, незалежна ад расы або
веравызнання, клопат аб кожным чалавечым жыцці. У ААН 22 кастрычніка 2013 г. адбыліся
адкрытыя дэбаты па сітуацыі на Блізкім Усходзе. Пазіцыю Апостальскай Сталіцы па гэтым
пытанні агучыў арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат. Ён з занепакоеннасцю звярнуў увагу на сітуацыю
у Сірыі і падкрэсліў, што першым крокам да нармалізацыі павінны стаць неадкладнае
спыненне насілля і пачатак рэальнага працэсу дыялогу.
Пастаянны прадстаўнік
Святога Пасаду ў ААН нагадаў пра бядотнае становішча больш за 4 млн. гарамадзян у
межах самой Сірыі і больш за 2 млн. бежанцаў, тры чвэрці з якіх жанчыны і дзеці. Сітуацыя
вельмі цяжкая і пагаршаецца з кожным днём, адзначыў ён, многія людзі паміраюць ад
голаду і адсутнасці доступу да асноўнай медыцынскай апекі. Каталіцкі Касцёл, заявіў
іерарх, па-ранейшаму нясе дапамогу людзям, незалежна ад іх рэлігійнай і нацыянальнай
прыналежнасці. Ён нагадаў, што 1 верасня 2013 г. быў аб’яўлены папам Францішкам днём
посту і малітвы за мір ва ўсім свеце і, у прыватнасці, у Сірыі.
Дыпламат звярнуў
увагу на сітуацыю хрысціян на Блізкім Усходзе, які з самага пачатку быў калыскай іх
веры, дзе яны жылі мірна на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў. Як грамадзяне сваіх
краін яны жадаюць працягваць быць часткай грамадскага, палітычнага, культурнага і
рэлігійнага ландшафту рэгіёну і ўносіць свой уклад у агульнае дабро грамадства,
заўважыў арцыбіскуп Чулікат. Ён назваў ненармальнай сітуацыю, калі хрысціяне вымушаны
бегчы з Блізкага Усходу, пакінуўшы пасля сябе дзве тысячы гадоў традыцыі, упісанай
у культуру рэгіёна. “Непрымальна паўтарэнне таго, што адбылося ў Іраку, калі насілле
на рэлігійнай глебе скараціла хрысціянскае насельніцтва на 70%”, - падкрэсліў дыпламат.
Святы
Пасад перакананы, што з дапамогай палітычнай волі міжнародная супольнасць можа змяніць
жыццё народаў Блізкага Усходу і дапамагчы ім ажыццявіць мару доўгачаканага міру.
23
кастрычніка 2013 г. Папская рада “Cor Unum” апублікавала дадзеныя, паводле якіх на
9 кастрычніка каталіцкія гуманітарныя арганізацыі выдаткавалі на дапамогу пацярпелым
ад крызісу ў Сірыі 72 млн. амерыканскіх долараў.