2013-10-23 13:10:13

Святы Айцец наведае рэзідэнцыю Прэзідэнта Італіі


RealAudioMP3 Святы Айцец наведае Квірынальскі палац – рэзідэнцыю Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі Джорджыа Напалітана. Ён прыбудзе сюды з афіцыйным візітам 14 лістапада 2013 г., каб сустрэцца з італьянскім палітыкам у адказ на візіт, які апошні здзейсніў у Ватыкан 8 ліпеня 2013 г. Пра гэта паведаміў 23 кастрычніка кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Францішак стане шостым Пантыфікам, які наведае гэта месца пасля стварэння італьянскай дзяржавы. Першым Папам, які прыбыў у Квірынальскі палац з афіцыйным візітам быў Пій ХІІ, 28 снежня 1939 г., калі Італія яшчэ была манархіяй. Пантыфік сустрэўся тады з каралём Віктарам Імануілам ІІІ, у адказ на яго візіт у Ватыкан. Квірынальнскі палац наведвалі таксама Ян XХIII і Павел VI. Ян Павел ІІ быў тут тройчы: у 1984 г, 1985 г. і 1998 г., а Бэнэдыкт XVI двойчы: у 2005 і 2008 гг.

Квірынальскі палац знаходзіцца на рымскім пагорку Квірынал, у самым цэнтры Вечнага горада. Ён быў пабудаваны ў XVI ст. і да 1870 г. з’яўляўся адной з летніх рэзідэнцый Рымскіх Пантыфікаў. Затым ён перайшоў ва ўласнасць каралеўскай сям’і Савоя, а з моманту абвяшчэння Італіі рэспублікай у 1946 г. стаў рэзідэнцыяй Прэзідэнта краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.