Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў на складаныя пытанні адносна разведзеных
Сужэнства – гэта непарыўны
сакрамэнт, таму той, хто развёўся і ажаніўся зноў, не можа атрымліваць св. Камунію.
Але Касцёл не адмаўляецца ад гэтых вернікаў і суправаджае на іх шляху. Гэта падкрэсліў
у вялікім артыкуле на старонках сённяшняга нумару ватыканскай газеты арцыбіскуп Герхард
Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Публікацыя стала адказам на шматлікія
каментары, якія паўсталі ў сувязі з абвяшчэннем тэмы наступнага Сінода Біскупаў. Ён
будзе прысвечаны пытанням сям’і.
Сужэнства паміж ахрышчанымі мужчынам і жанчынай
“з’яўляецца сталым інстытутам, заснаваным на Божым праве і не залежным ад суджэнняў
чалавека”, напісаў ватыканскі іерарх, нагадаўшы асноўныя дакументы Касцёла па гэтым
пытанні. Яны падкрэсліваюць, што асоба, якая развялася і паўторна ажанілася, не можа
атрымаць св. Камунію, таму што ўмовы яе жыцця супярэчаць саюзу любові паміж Хрыстом
і Касцёлам, якую сімвалізуе эўхарыстычны акт.
Арцыбіскуп нагадаў, што ў такой
сітуацыі Касцёл прапануе гэтым асобам некалькі выхадаў. Вяртанне да поўнага сакрамэнтальнага
жыцця можа адбыцца ў выпадку прызнання несапраўднасці папярэдняга сужэнства або ў
сітуацыі, калі муж і жонка прымаюць рашэнне жыць разам, як брат і сястра. “Вядома,
ёсць сітуацыі, калі “сямейнае жыццё становіцца немагчымым”, як у выпадку “фізічнага
ці псіхалагічнага гвалту”, - заўважыў арцыбіскуп. У такіх “балючых сітуацыях Касцёл
заўсёды дазваляў сужонкам не жыць разам”, пры ўмове, што ніводзін з іх “не можа заключыць
новае сужэнства, пакуль іншы сужонак жыве”.
Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння
запрасіў адмовіцца ад “фальшывых заклікаў да міласэрнасці” і нагадаў, што ніхто не
можа быць вызвалены ад “Божых запаведзяў і інструкцый Касцёла”. Іерарх падкрэсліў,
што немагчымасць удзелу асоб разведзеных і заключыўшых новы саюз у поўным сакрамэнтальным
жыцці Касцёла звязана не з нейкага роду дыскрымінацыяй, але з “абсалютнай вернасцю
волі Хрыста”.
З іншага боку, арцыбіскуп Мюлер настойвае на душпастырстве развёўшыхся
і нанова ажаніўшыхся, удакладняючы, што яно не павінна “быць зведзена выключна да
пытання аб прыняцці св. Камуніі”, паколькі “апрача сакрамэнтальных зносін можна ўвайсці
ў зносіны з Богам у веры, надзеі і любові, у пакаянні і малітве”.