21 кастрычніка 2013
г. у сядзібе венгерскага парламента ў Будапешце было падпісана Пагадненне паміж Святым
Пасадам і Венгрыяй, якое ўнесла папраўкі ў папярэдні такога ж роду дакумент ад 20
чэрвеня 1997 г. аб фінансаванні грамадскай службы і іншай рэлігійнай дзейнасці, якую
ажыццяўляе Каталіцкі Касцёл у Венгрыі. Дакумент рэгулюе таксама некаторыя пытанні
фінансавага характару. Новае Пагадненне падпісалі: з боку Святога Пасаду арцыбіскуп
Альберта Батары дэ Кастэла, Апостальскі нунцый у Венгрыі, і віцэ-прэм’ер краіны Жолт
Шем’ен.
Пагадненне ад 20 чэрвеня 1997 г. не страціла сваёй законнай сілы, гаворыцца
ў паведамленні Дзяржсакратарыяту Яго Святасці Папы, у яго былі ўнесены “некаторыя
змены”, якія абнаўляюць дакумент у кантэксце норм, звязаных з прыняццем новага Асноўнага
закону Венгрыі, уступіўшага ў сілу 25 красавіка 2011 г. Дапаўненні рэгулююць пэўныя
фінансавыя аспекты, якія тычацца выкладання рэлігіі ў школах, працы каталіцкіх вышэйшых
навучальных устаноў, аднаўлення і захавання мастацкай і архітэктурнай спадчыны, якая
знаходзіцца ў валоданні касцёльных устаноў, прызначэння часткі падаткаў на карысць
Каталіцкага Касцёла, умовы атрымання даходу ад былой касцёльнай уласнасці, што не
было названа ў Дадатку да Пагаднення ад 1997 г.
Новае Пагадненне складаецца
з 7 артыкулаў і 3 дадаткаў. Яно ўступіць у сілу з моманту абмену ратыфікацыйнымі граматамі.