2013-10-21 13:22:42

Папа заклікаў трымацца здалёк ад прагнасці, бо яна нішчыць усё навокал


RealAudioMP3 Прагнасць, цяга да грошай, знішчае людзей, разбурае сям’і і адносіны з іншымі людзьмі, звярнуў увагу папа Францішак. Гаворка не ідзе аб выбары беднасці як такой, але аб выкарыстанні багацця, якое Бог дае, каб дапамагчы тым, хто жыве ў нястачы, падкрэсліў ён 21 кастрычніка 2013 г. падчас Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты. Пантыфік прапанаваў свае разважанні над фрагментам Евангелля пра чалавека, які просіць Хрыста ўмяшацца ў яго спрэчку з братам за спадчыну. “Гэта праблема кожнага дня, - заўважыў Святы Айцец. - Колькі разбураных сем’яў мы бачылі з-за грашовых пытанняў: брат супроць брата, бацька супраць сына”. Прывязанасць да грашэй, заўважыў Францішак, руйнуе. “Калі чалавек прывязаны да іх, знішчае сябе, разбурае сям’ю! Грошы нішчаць!”, - сказаў ён і дадаў, што фінансы могуць выкарыстоўвацца для здзяйснення шматлікіх добрых рэчаў, але калі існуе прывязанасць да іх, яны нішчаць чалавека.

Прывязанасць да грашэй вядзе да прагнасці, а тая, у сваю чаргу, да ідалапаклонства. І тут гаворка, паводле Пантыфіка, ідзе не пра самі грошы, але пра стаўленне да іх. Ён назваў прагных людзей хворымі, паколькі прагнасць “прымушае думаць пра ўсё з пункту гледжання выключна грошай”. Святы Айцец яшчэ раз падкрэсліў, што прагнасць з’яўляецца інструментам ідалапаклонства, паколькі ідзе насуперак Божай задуме адносна нас. Францішак працытаваў св. Паўла, які кажа, што Хрыстус, які быў багаты, стаў бедным, каб зрабіць нас багатымі.

Менавіта таму, - працягнуў Святы Айцец - Езус кажа настолькі моцныя рэчы супраць схільнасці да грошай: кажа, што не можна служыць двум гаспадарам, трэба выбіраць або Бог, або грошы; кажа не хвалявацца, бо Пан ведае, што нам трэба. Прывязанасць да грашэй Папа назваў “глупствам”, якое адварочвае чалавека ад жыцця і разбурае кожнае міжчалавечае братэрства.

З другога боку, заўважыў Францішак, Бог не жадае беднасці дзеля самой беднасці. Шлях беднасці – гэта толькі інструмент, каб зразумець і спазнаць, якім багаццем з’яўляецца Бог. Усе каштоўнасці, якія ў нас ёсць, Пан дае нам для таго, каб свет і чалавецтва ішлі наперад, каб дапамагаць іншым, сказаў Пантыфік і заклікаў “быць уважлівымі і трымацца здалёк ад усялякай прагнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.