2013-10-21 10:51:05

Кардынал аб генетычна мадыфікаваных прадуктах


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл падтрымлівае выкарыстанне біятэхналогій, каб накарміць бедных, але пры гэтым, неабходна гарантаваць, што на прадукце будзе змешчана інфармацыя аб тым, што ён генетычна мадыфікаваны, каб даць людзям свабоду выбару ежы, заявіў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”. Іерарх нядаўна прыняў удзел у сімпозіуме, які суправаджаў сёлетняе ўручэнне “Сусветнай харчовай прэміі” (World Food Prize) у Дэ-Мойн, у амерыканскім штаце Аёва.

Па словах кардынала, людзі маюць права ўносіць змены ў прыроду, нават на генетычным узроўні, падчас вытворчасці прадуктаў харчавання. Цытуючы Яна Паўла II, ён адзначыў, што змена клімату паўплывала на вытворчасць прадуктаў харчавання ў бедных краінах і “навуковыя дасягненні павінны выкарыстоўвацца для больш высокай прадуктыўнасці сельскай гаспадаркі”.

Гаворачы аб тым, чаму біятэхналогіі выклікаюць так шмат “незадаволенасці, недаверу, скепсісу і апазіцыі”, старшыня Папскай рады выказаў меркаванне, што ў дыскусіях на гэту тэму павінны ўдзельнічаць усе зацікаўленыя бакі. Ён прапанаваў, каб гэты дыялог кіраваўся “маральнымі параметрамі”. “Некаторыя кажуць, што навуковыя даследаванні з’яўляюцца этычна нейтральнымі, а добрай ці дрэннай з’яўляецца іх рэалізацыя. Але няма ніякай чалавечай дзейнасці, якая была б этычна нейтральнай”, - падкрэсліў паходзячы з Афрыкі кардынал.

Ён заклікаў да асцярожнасці і прэвентыўнага выкарыстання разумных мер засцярогі, каб пазбегнуць рызыкі для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Такая асцярожнасць неабходна для “пашырэння агульнага дабра”. Таксама шырокай грамадскасці неабходна забяспечыць транспарэнтнасць у галіне біятэхналогій, што патрабуе прыняцця самых высокіх стандартаў сувязі паміж спажыўцамі і вытворцамі, даступнасці поўнай інфармацыі аб прадукце. Фактам з’яўляецца тое, што “кожны чалавек мае права рэальнага выбару” прадукту, які спажывае. “Тым, што робіць нас па-сапраўднаму людзьмі, з’яўляецца наша магчымасць выбару”, - адзначыў кардынал Тарксан.

Прызнанне “Сусветнай харчовай прэміі” людзям, якія маюць дасягненні ў паляпшэнні якасці, колькасці і даступнасці прадуктаў харчавання ў свеце, ініцыяваў Норман Борлоуг, аграном, які нарадзіўся ў штаце Аёва, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1970 г. Ён вывеў у Мексіцы гатункі пшаніцы, устойлівыя да хвароб і маючыя вельмі высокую ўраджайнасць. Гэта прывяло да так званай “зялёнай рэвалюцыі” у многіх краінах трэцяга свету, праз якую былі выратаваны ад голаду больш за мільярд чалавек.

Трэба адзначыць, што кардынал Тарксан сустрэўся таксама з групай праціўнікаў генетычна мадыфікаваных прадуктаў з штата Аёва.







All the contents on this site are copyrighted ©.