2013-10-20 12:12:48

Пантыфік: метад хрысціянскай місіі – гэта не празелітызм


RealAudioMP3 Пантыфік падзякаваў місіянерам за іх намаганні па распаўсюджванні Евангелля. 20 кастрычніка 2013 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра папа Францішак нагадаў, што сёння адзначаецца Сусветная нядзеля місій. Ён задаўся пытаннем: “У чым заключаецца місія Касцёла?”. Паводле Папы, гэта распаўсюд полымя веры, якую Езус прынёс у свет – “веры ў Бога, які ёсць Айцом, Любоўю, Міласэрнасцю”. “Метад хрысціянскай місіі – гэта не празелітызм, але супольнае полымя, якое сагравае душу”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён падзякаваў “усім тым, хто праз малітву і практычную дапамогу” ажыццяўляюць місійную дзейнасць. “У гэты дзень мы блізкія да ўсіх місіянераў, якія так шмат і так ціха працуюць, аддаюць жыццё. Як італьянка Афра Марцінэлі, якая працавала на працягу многіх гадоў у Нігерыі: некалькі дзён таму была забіта, рабаўнікамі; усе плакалі, хрысціяне, мусульмане. Яна абвяшчала Евангелле сваім жыццём і справамі: стварыла адукацыйны цэнтр. Распаўсюджвала полымя веры, добра змагалася!”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак узгадаў Штэфана Шандора, які ўчора ў Будапешце быў далучаны да ліку благаслаўлёных. Ён быў свецкім салезіянінам, узорам служэння маладым людзям праз прафесійную адукацыю. Папа нагадаў, што калі камуністычны рэжым зачыніў усе каталіцкія арганізацыі, Штэфан Шандор з мужнасцю зносіў пераслед і быў забіты ва ўзросце 39 гадоў.

Пантыфік выказаў сваю салідарнасць і блізкасць з народам Філіпін, які пацярпеў ад моцнага землятрусу. Ён запрасіў сабраных на ватыканскай плошчы маліцца за філіпінскую нацыю, “якая ў апошні час зведала некалькі катастроф”.

Асаблівым чынам Святы Айцец прывітаў юнакоў і дзяўчат якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве Папскай рады па культуры пад назвай “100 метраў бегу і веры”, якая прайшла непасрэдна перад малітвай “Анёл Панскі” недалёка ад плошчы св. Пятра. “Дзякуй, што нагадалі нам, што вернік – гэта духоўны спартсмен!”, - сказаў Папа.







All the contents on this site are copyrighted ©.