2013-10-19 10:41:23

Францішак ўдзеліць першую біскупскую сакру ў якасці Пантыфіка


RealAudioMP3 У чацвер 24 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец Францішак ўпершыню з моманту абрання на Пасад св. Пятра ўдзеліць біскупскія пасвячэнні. Падчас цырымоніі, якая пачнецца ў 16.30 паводле рымскага часу, з рук папы Францішка сакру прымуць: новы Апостальскі нунцый у Гане, арцыбіскуп Жан-Мары Шпайх і кіраўнік Папскай касцёльнай акадэміі, арцыбіскуп Джампьера Гладэр. Перад абраннем на Пасад св. Пятра кардынал Хорхе Марыа Берголіа быў галоўным кансэкратарам 20 біскупаў. Варта нагадаць, што Ян Павел II асабіста кансэкраваў 327 біскупаў, у тым ліку 6, як арцыбіскуп Кракаўскі. Яго пераемнік – Бэнэдыкт ХVI удзяліў біскупскія пасвячэнні 22 іерархам, Павел VI – 83, а Ян XXIII – 40.

Арцыбіскуп-намінант Жан-Мары Шпайх нарадзіўся ў Страсбургу ў 1955 г. Святарскае пасвячэнне ён атрымаў у 1982 г. З’яўляецца доктарам кананічнага права. На дыпламатычнай службе Святога Пасаду знаходзіцца з 1986 г. Працаваў на Гаіці, у Нігерыі, Балівіі, Канадзе, Германіі, Вялікабрытаніі, Егіпце, Іспаніі, на Кубе. З сакавіка 2008 г. быў кіраўніком секцыі французскай мовы ў Дзяржсакратарыяце. 17 жніўня 2013 г. Святы Айцец прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Гане.

Арцыбіскуп-намінант Джампьера Гладэр нарадзіўся ў 1958 г. у паўночнай Італіі. Святаром стаў у 1983 г. 1 ліпеня 1992 г. ён паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасаду, пасля чаго працаваў у нунцыятуры ў Гватэмале. Пасля вяртання ў Ватыкан у 1995 г. пачаў працу ў секцыі агульных спраў Дзяржаўнага сакратарыяту. У апошні час быў саветнікам Нунцыятуры і кіраўніком аддзелу спецыяльных заданняў у Дзяржаўным Сакратарыяце. Старшынёй Папскай касцёльнай акадэміі быў прызначаны 21 верасня 2013 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.