2013-10-19 10:18:31

Папа Францішак уручыць прэмію імя свайго папярэдніка


RealAudioMP3 У суботу , 26 кастрычніка 2013 г., Святы Айцец уручыць “Прэмію Ратцынгера”. Пераможцамі сёлета сталі англіканскі пастар і бібліст Рычард Барыдж і рэдактар збору твораў Ёзэфа Ратцынгера, тэолаг Крысціян Шалер. Цырымоніі будзе папярэднічаць міжнародны сімпозіум на тэму: “Евангеллі: гісторыя і хрысталогія, запыты Ёзэфа Ратцынгера”, які пройдзе 24 кастрычніка па ініцыятыве ватыканскага “Фонду Ратцынгера” і Канферэнцыі папскіх рымскіх універсітэтаў. Першыя два дні яе працы будуць праходзіць у Латэранскім універсітэце, а 26 кастрычніка ў Новай сінадальнай зале ў Ватыкане. Прэмію ў памеры 50 тыс. еўра ўручылі ўпершыню ў чэрвені 2011 г. Пераможцаў выбірае створаны ў 2010 г. ватыканскі “Фонд Ратцынгера”, заснавальнікам якога з’яўляецца сам Пантыфік на пенсіі. Узнагарода прысуджаецца за асаблівы ўклад у развіццё тэалогіі.

Прафесар Барыдж атрымаў прызнанне дзякуючы параўнальнаму аналізу Евангелля і грэка-рымскай біяграфіі. Ён паказаў непарыўную сувязь паміж Евангеллем і асобай Езуса Хрыста. Займаўся таксама біблійнай антрапалогіяй і сімвалічным чытаннем Святога Пісання. Англіканскі тэолаг стаў першым не-католікам, якому была прысуджана Прэмія.

У сваю чаргу, Крысціян Шалер з’яўляецца намеснікам дырэктара Інстытута Бэнэдыкта XVI у Рэгенсбургу. Да гэтага ва ўніверсітэце Людвіга Максіміліяна ў Мюнхене ён быў асістэнтам арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, цяперашняга прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння; іерарх з’яўляўся прафесарам навучальнай установы. “Прэміі Ратцынгера” свецкі тэолаг быў удастоены за ўклад у падрыхтоўку “Opera Omnia” Ёзэфа Ратцынгера.

Узнагароду называюць таксама “Нобелеўскай прэміяй па тэалогіі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.