2013-10-19 13:25:35

Пантыфік падзякаваў мецэнатам Ватыканскіх музеяў


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 19 кастрычніка 2013 г. з мецэнатамі мастацтва Ватыканскіх музеяў. Група “Patrons of the Arts in the Vatican Museums” падтрымлівае захаванне і ўвекавечанне ўнікальнай калекцыі твораў мастацтва, якія належаць да ватыканскіх фондаў. Сёлета асацыяцыя адзначае 30-годдзе свайго існавання. “За апошнія тры дзесяцігоддзі Мецэнаты ўнеслі выдатны ўклад у аднаўленне шматлікіх скарбаў мастацтва, якія захоўваюцца ў калекцыі Ватыкана і, у боль шырокім сэнсе, у здзяйсненне рэлігійнай, мастацкай і культурнай місіі музеяў”, - сказаў папа Францішак, дзякуючы “ад усяго сэрца” энтузіястам мастацтва. Пантыфік лічыць, што стварэнне гэтай унікальнай групы было натхнёна не толькі пачуццём адказнасці за спадчыну Касцёла і захаванне сакральнага мастацтва, але і “жаданнем распаўсюджвання духоўных і рэлігійных ідэалаў”.

Ва ўсе часы Касцёл, нагадаў Папа, заклікаў мастацтва дэманстраваць прыгажосць веры і абвяшчаць Евангельскае пасланне пра веліч Божага тварэння, пра годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз і падабенства, пра сілу смерці і ўваскрасення Хрыста, Які прынёс адкупленне і адраджэнне ў свет, крануты трагедыяй граху і смерці. Ватыканскія музеі, падкрэсліў Святы Айцец, даюць магчымасць незлічоным пілігрымам і турыстам сустрэць гэта пасланне праз творы мастацтва, якія сведчаць аб духоўных памкненнях чалавецтва, узнёслых таямніцах хрысціянскай веры і пошуку вышэйшай прыгажосці, якая мае сваю крыніцу і выкананне ў Богу.

Пантыфік пажадаў сабраным у Клементыйскай зале, каб іх мецэнацтва было ўдзелам у духоўным жыцці і місіі Касцёла і выразам надзеі на прышэсце Валадарства, чыіх прыгажосці, гармоніі і міру чакае кожнае чалавечае сэрца.

Асацыяцыя “Мецэнаты мастацтва Ватыканскіх музеяў” – гэта міжканфесійная група, якая імкнецца да аднаўлення, захавання і пашырэння мастацкай спадчыны Ватыканскіх музеяў і распаўсюджвання ведаў аб іх культурных і духоўных мэтах. Група была заснавана ў 1983 г. пасля таго, як буйная выстава з Ватыкана наведала Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес і Чыкага.







All the contents on this site are copyrighted ©.