2013-10-18 13:20:24

Францішак заклікаў наведваць пажылых святароў і законніц


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў наведваць пажылых святароў і законніц, бо дамы, у якіх яны знаходзяцца, з’яўляюцца сапраўднымі “санктуарыямі святасці і апостальства”. Падчас ранішняй Эўхарыстыі 18 кастрычніка 2013 г. Пантыфік разважаў над літургічным чытаннем, у якім гаворка ідзе пра апошні этап жыцця св. Паўла. Ён падкрэсліў, што на пачатку вучні Езуса былі “маладымі”, “моцнымі” і нават дэманы ад іх уцякалі, але ніхто з іх не быў захаваны ад “заходу”. Тое ж, паводле Францішка, адбылося і з Майсеем, і св. Янам Хрысціцелем, які закончыў жыццё “пад уладай слабога кіраўніка, ап’янелага і карумпаванага”, з-за “капрызу танцоркі”. Папа падкрэсліў, што св. Павел казаў пра блізкіх, якія яго пакінулі і тых, хто прычыніў яму шмат зла. Ён апавядаў, што перад абліччам суду ніхто яго не падтрымліваў. Аднак, адначасова, прызнаваўся: “Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведванне”.

“Гэта веліч апостала, які сваім жыццём здзейсніў тое, пра што Ян Хрысціцель казаў: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым”. Апостал – гэта той, хто аддае жыццё, каб Пан узрастаў. І напрыканцы ён зыходзіць так... А калі я думаю пра “заход” апостала, у маім сэрцы ўзнікае ўспамін пра санктуарыі апостальства і святасці, якімі з’яўляюцца дамы для пажылых святароў і законніц: выдатных святароў, законніц, але састарэлых, з цяжарам адзіноты, які чакаюць, што Пан прыйдзе, каб пастукаць у іх сэрца. Гэта сапраўдныя санктуарыі апостальства і святасці, якія маем у Касцёле. Не будзем пра іх забывацца!”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што часта здзяйсняюцца пілігрымкі ў розныя санктуарыі – да Маці Божай, да св. Францішка ці іншых святых, але, паводле яго, такой пілігрымкай можа стаць таксама візіт да пажылога святара.

Папа падзяліўся, што некалькі дзён таму, чуў апавяданне аднаго чалавека, які наведаў місійную краіну і бачыў магілы шматлікіх нявядомых місіянераў, святароў і законніц. “Ён мне сказаў: усе яны могуць быць кананізаваны, таму што напрыканцы жыцця, важна толькі тое, як жывеш штодзённай святасцю, святасцю кожнага дня”, - адзначыў Францішак і дадаў, што ў доме для пажылых святары і законніцы, на падабенства св. Паўла, чакаюць Пана: крыху сумныя, але са спакоем і радаснымі абліччамі.

Францішак заклікаў маліцца за гэтых людзей, каб Бог іх бараніў на апошнім этапе жыцця і яны маглі яшчэ раз сказаць: “Так, Пане, хачу ісці за Табой!”.









All the contents on this site are copyrighted ©.