2013-10-18 14:09:04

Святы Айцец нагадаў Ватыканскаму тэлецэнтру пра яго місію


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў удзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра. Яе ўдзельнікі сабраліся 18 кастрычніка 2013 г. у Рыме, каб паразмаўляць аб дасягненнях установы і пазнаёміцца з яе перспектывамі. Звяртаючыся да іх, Папа падкрэсліў, што праца тэлецэнтра – гэта, у першую чаргу, служэнне Евангеллю і Касцёлу. Таму “неабходна захоўваць евангельскую перспектыву на гэтага кшталту “глабальнай аўтастрадзе камунікацыі” і заўсёды ўсведамляць накірунак, які Ян Павел ІІ хацеў надаць Ватыканскаму тэлецэнтру. Святы Айцец нагадаў, што цэнтр быў створаны, каб “спрыяць больш эфектыўнай дзейнасці Касцёла ў сацыяльнай камунікацыі”, даць новыя прылады для здзяйснення ў свеце місіі Касцёла. “Не забывайцеся, што ваша служэнне – касцёльнае, частка евангелізацыйнай місіі Касцёла”, - падкрэсліў Папа.

Францішак адзначыў, што падзеі Ватыканскі тэлецэнтр павінен прадстаўляць праз “прызму” Касцёла, а не духа гэтага свету. Паводле Папы, апавядаць пра падзеі, звязаныя з Касцёлам складана, бо ён з’яўляецца “знакам блізкай сувязі з Богам”, Целам Хрыста, Народам Божым, Святыняй Духа Святога. “Гэта патрабуе асаблівай адказнасці, моцнай здольнасці чытаць рэальнасць у духоўным ключы”, - сказаў ён і дадаў, што “касцёльныя падзеі маюць асаблівую рысу: яны не адпавядаюць свецкім катэгорыям, таму іх складана інтэпрэтаваць і прапанаваць шырокай і разнастайнай публіцы.

На думку Святога Айца, дзейнасць Ватыканскага тэлецэнтра не з’яўляецца выключна “дакументальнай” ці “нейтральнай”, але заключаецца ў спрыянні набліжэнню Касцёла да свету – дапамагаючы слову Папы дасягнуць міліёнаў католікаў ва ўсім свеце, “таксама і там, дзе вызнанне веры – гэта мужны выбар”. Францішак падкрэсліў, што Касцёл прысутнічае ў сферы камунікацыі, перш за ўсё, для таго, каб весці людзей на сустрэчу з Богам, бо толькі яна “можа перамяніць сэрцы і гісторыю чалавека”.

Францішак павіншаваў працаўнікоў Ватыканскага тэлецэнтра з 30-годдзем установы і даверыў іх апецы св. Клары – апякункі тэлебачання.








All the contents on this site are copyrighted ©.