2013-10-18 12:33:51

Папа: англійская мова ў літургіі паспрыяла ўмацаванню адзінства Касцёла


RealAudioMP3 18 кастрычніка 2013 г. Пантыфік сустрэўся з Міжнароднай камісіяй па англійскай мове ў літургіі, члены якой знаходзяцца ў Рыме з нагоды 50-й гадавіны стварэння. Паводле Святога Айца, існаванне падобнага органу, гэта праява “духа біскупскай калегіяльнасці”. Камісія на пряцягу 50 гадоў займалася не толькі перакладам літургічных тэкстаў, але і ўнесла свой значны ўклад у вывучэнне, разуменне і прысваенне багатай эўхалагічнай і сакрамэнтальнай традыцыі Касцёла і паспрыяла свядомаму і актыўнаму ўдзелу вернікаў у літургіі.

Дзякуючы намаганням Камісіі, незлічоная колькасць католікаў ва ўсім свеце атрымала магчымасць маліцца на агульнай мове. Гэта, паводле Папы, паспрыяла ўмацаванню адзінства Касцёла “у веры і сакрамэнтальнай камуніі”. Гэта адзінства і камунія, якія бяруць свой ​​пачатак у Найсвяцейшай Тройцы, “узмацняюць багацце разнастайнасці”, лічыць Святы Айцец.

Міжнародная камісія па англійскай мове ў літургіі з’яўляецца органам, створаным шэрагам біскупскіх канферэнцый ангельскамоўных краін з мэтай здзяйснення перакладаў літургічных кніг Рымскага абраду на англійскую мову. Яна была створана ў 1963 г. для рэалізацыі пастаноў ІІ Ватыканскага Сабору, які заклікаў больш шырока выкарыстоўваць нацыянальныя мовы ў літургіі. У яе склад уваходзіць 11 епіскапатаў, яшчэ 15 маюць статус асацыяваных членаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.