2013-10-17 16:02:46

Папа ў “Твітэры”: малітва не можа абмяжоўвацца да адной гадзіны па нядзелях


RealAudioMP3 Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць штодзённай малітвы. “Наша малітва не можа абмяжоўвацца да адной гадзіны па нядзелях. Важна мець штодзённыя адносіны з Панам”, - напісаў ён 17 кастрычніка 2013 г. да падпісчыкаў свайго акаўнту у сацыяльнай сетцы “Твітэр”. Гэта не першы за апошнія дні заклік з боку папы Францішка да пастаяннай і гарачай малітвы. 16 кастрычніка 2013 г., падчас разважанняў на агульнай аўдыенцыі, ён адхіліўся ад тэксту і сказаў, што “першай працай” кожнага сучаснага апостала з’яўляецца малітва, за якой ідзе абвяшчэнне Евангелля. Многія ў Касцёле думаюць, што апосталы былі пакліканы Хрыстом “толькі абвяшчаць Евангелле і здзяйсняць шматлікія рэчы”, звярнуў увагу Францішак. Але той факт, што Дванаццаць вучняў у хуткім часе адмовіліся ад шматлікіх арганізацыйных спраў і абралі для гэтага дыканаў, гаворыць аб тым, што ім быў патрэбны час на малітву. Паводле Папы, думаючы пра кожнага паслядоўніка апосталаў, трэба спачатку запытаць, ці ён моліцца, а ўжо потым, ці абвяшчае Евангелле. “Калі кожны з нас хоча быць апосталам, (...) павінен спытаць: “Ці малюся за выратаванне свету, ці абвяшчаю Евангелле?”, - сказаў падчас учарашняй катэхезы Пантыфік.

Падпісчыкаў “Твітэру” папы Францішка пастаянна прыбывае. Толькі на яго англійскай версіі на сённяшні дзень зарэгістравана больш за 3 млн. чалавек.







All the contents on this site are copyrighted ©.