2013-10-17 11:11:16

Ватыканскі тэлевізійны цэнтр на парозе 30-годдзя


RealAudioMP3 Любіць Святога Айца, разумець яго місію і ўдзельнічаць у ёй праз сродкі камунікацыі – гэта, паводле меркавання кс. Фэдэрыка Ламбардзі, місія Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра. Гэта ўстанова адзначыць 22 кастрычніка 30-годдзе свайго існавання. Цяперашні кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы і Ватыканскага радыё, а ў мінулым дырэктар тэлецэнтра, перакананы, што супрацоўнікі ўстановы глыбока разумеюць значэнне падзей, якія яны рэалізуюць у тэлевізійным фармаце. Толькі той, хто любіць Папу, здольны знайсці вымярэнне і спосаб, каб дакладна перадаць сэнс і змест яго місіі, лічыць святар.

З нагоды 30-годдзя тэлецэнтра 18 кастрычніка 2013 г. у Рыме пройдзе шэраг мерапрыемстваў. Адным з іх стане канферэнцыя, на якой будуць падведзены вынікі шматгадовай працы ўстановы і прадстаўлены яе перспектывы. Святы Айцец і Прэзідэнт Італіі скіруюць да ўдзельнікаў форума свае спецыяльныя пасланні. Упершыню адбудзецца паказ відэаматэрыялаў, знятых у фармаце ультравысокай якасці.

17 кастрычніка газета “L’Osservatore Romano” змясціла на сваіх старонках урывак з кнігі “Тэлекамеры св. Пятра. 30 гадоў Ватыканскаму тэлевізійнаму цэнтру”, аўтарам якой з’яўляецца дырэктар гэтай установы, кс. прэлат Дарыё Вігано. У матэрыяле ён нагадаў, што ідэя стварэння тэлецэнтра належыць бл. Яну Паўлу ІІ, чалавеку адкрытаму на мас-медыя і свет. Папа палічыў, што Ватыкану для камунікацыі недастаткова мець толькі радыё, неабходны таксама тэлевізійны фармат – у выніку 22 кастрычніка 1983 г. быў адкрыты Ватыканскі тэлецэнтр.

Кс. Вігано прызнаўся, што тэлевізійны цэнтр займаецца не толькі здымкамі падзей з удзелам Папы, але таксама стварае паўнавартасныя праграмы і дакументальныя стужкі. На думку святара, галоўныя выклікі, якія на сённяшні дзень стаяць перад установай, тычацца яго пастаяннай тэхналагічнай мадэрнізацыі, а таксама абнаўлення спосабу і эстытыкі перадачы здымачнага матэрыялу.








All the contents on this site are copyrighted ©.