2013-10-17 11:55:36

Арцыбіскуп Чэлі: камунікацыя не павінна быць абменам банальнасцямі


RealAudioMP3 Папа Францішак хоча быць блізкім да людзей, удзельнічаць у іх надзеях і пакутах, гарычым пошуку сэнсу жыцця. Менавіта таму Святы Айцец жадае, каб камунікацыя знаходзілася на службе культуры сустрэчы, лічыць арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Аб гэтым ён расказаў 17 кастрычніка 2013 г. у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR”. Іерарх падзяліўся падрабязнасцямі, звязанымі з працэсам абрання тэмы на Сусветныя дні масавай камунікацыі. Пачынаецца ўсё з таго, што Папская рада па сродках масавай камунікацыі кансультуецца з медыя-экспертамі з усіх 5 кантынентаў, каб тэма адпавядала праблемам у розных краінах свету. Затым, прапановы аналізуюцца і прадстаўляюцца ў Дзяржсакратарыят, каб Пантыфік мог асабіста выбраць, тую тэму, якую палічыць найбольш актуальнай. Сёлета ёй стала “Камунікацыя на службе сапраўднай культуры сустрэчы”. Арцыбіскуп Чэлі падкрэсліў, што яна з’яўляецца актуальнай як для традыцыйных медыя, такіх як тэлебачанне, радыё, друк і кіно, так і для новых: інтэрнэту і, перш за ўсё, сацыяльных сетак.

На думку ватыканскага іерарха, спрыянне “сапраўднай культуры сустрэчы” праз сродкі камунікацыі адбываецца перш за ўсё, пры ўмове шчырага і паважлівага дыялогу з “праўдай іншых”. Таму, трэба ўлічаваць культурныя адметнасці, якія мае кожны з нас, узбачацца імі і дзяліцца тым прыгожым, добрым і праўдзівым, што маем.

Ставячы ў прыклад папу Францішка, арцыбіскуп Чэлі адзначыў, што ён умее прамаўляць да тых, хто знаходзіцца ў самоце і роспачы, хто расчараваны хрысціянствам і лічыць яго “бясплённым”, няздольным даць сэнс. Папа вучыць нас, што “спрыянне культуры сустрэчы”, азначае імкненне ісці насустрач іншым і падаваць ім руку. На думку іерарха, пры гэтым важна, каб камунікацыя не была проста “абменам банальнасцямі”, але спрыяла пошуку сапраўднага, добрага, прыгожага, таго, што знаходзіцца ў гармоніі з годнасцю чалавека, яго каштоўнасцямі і пераспектывай годнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.