2013-10-16 14:28:27

Пантыфік: змяніць лад жыцця і адмовіцца ад разбазарвання ежы


RealAudioMP3 16 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень харчавання. Гэта адбываецца з 1945 г., з дня заснавання Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО). Сёння ў яе рымскай сядзібе прайшла цырымонія адкрыцця Сусветнага дня харчавання, на якім было зачытана адмысловае пасланне папы Францішка. Пантыфік лічыць, што гэты Дзень нагадвае пра “адзін з самых сур’ёзных выклікаў для чалавецтва”. Гаворка ідзе пра “трагічны стан”, у якім жывуць мільёны галадаючых і недаядаючых на планеце, сярод якіх вялікая колькасць дзяцей. І гэта адбываецца ў час, які характарызуецца беспрэцэдэнтным прагрэсам у розных галінах навукі. “Гэта скандал, што ў свеце яшчэ існуюць голад і недаяданне!”, - напісаў Папа. Ён перакананы, што гэта праблема кідае выклік асабістаму і грамадскаму досведу.

Пантыфік назваў парадоксам, што ў сучасным свеце, адзначаным глабалізацыяй, “пашыраецца тэндэнцыя да індывідуалізму і замкнёнасці ў сабе, што прыводзіць да абыякавага стаўлення, на асабістым узроўні, узроўні ўстаноў і дзяржаў, да тых, хто памірае ад голаду або пакутуе ад недаядання, як быццам бы гэта быў непазбежны факт”. Голад і недаяданне - падкрэсліў Святы Айцец, - ніколі не могуць лічыцца нармальнай з’явай. “Нешта павінна змяніцца ў нас саміх, у нашай свядомасці, у нашых грамадствах”, - лічыць Папа. Паводле яго, ёсць выхад з гэтай сітуацыі: трэба зламаць бар’еры індывідуалізму і замнёнасці ў сабе, “рабства прыбытку любым коштам”, і не толькі ў чалавечых адносінах, але і ў сусветнай эканамічнай і фінансавай дынаміцы . Францішак заўважыў, што ў многіх краінах былі зроблены крокі ў гэтым напрамку, “але мы ўсё яшчэ далёкія ад свету, дзе кожны можа жыць у дастойных умовах”.

Пантыфік заклікаў сучасных людзей “змяніць лад жыцця” і адмовіцца ад “разбазарвання ежы”. Вялікая колькасць харчовых адходаў, якая назіраецца сёння, з’яўляецца адным з плёнаў “культуры адходаў”, лічыць Папа. Ён перакананы, што яе вынікам з’яўляецца “глабалізацыя абыякавасці”, дзякуючы якой чалавек паволі “прызвычайваецца” да пакутаў іншых і пачынае лічыць іх нечым “нармальным”. Пытанне голаду і недаядання, гэта не толькі эканамічная або навуковая праблема, але перш за ўсё этычная і антрапалагічная, лічыць Пантыфік. Чалавек і яго годнасць – гэта стаўпы, на якіх трэба будаваць агульныя правілы і структуры эканамічных адносін. Тут важную ролю, на думку Францішка, адыгрывае сям’я, якая “з’яўляецца першай адукацыйнай супольнасцю, што навучае клопату аб дабры іншых, любові да гармоніі стварэння, адказнаму карыстанню і дзяленню, рацыянальнаму спажыванню.

Папа назваў Сусветны дзень харчавання”, не проста штогадовым мерапрыемствам”, але рэальнай магчымасцю даць адпаведны адказ на праблемы голаду і недаядання, а таксама іншыя пытанні, якія ўплываюць на годнасць кожнага чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.