2013-10-16 11:20:19

Кардынал Кох: пакутую ад таго, што хрысціяне больш не пакутуюць ад свайго падзелу


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, заклікаў не баяцца ў праваслаўна-каталіцкім дылогу складаных і нават “крытычных пытанняў”. Ватыканскі іерарх сустрэўся з камісіяй маладых праваслаўных і каталіцкіх тэолагаў, якая дзейнічае пры фондзе “Pro Oriente”. Кардынал быў запрошаны 16 яе членамі, якія паходзяць з розных краін свету, на пасяджэнне ў Вену. Звяртаючыся да маладых тэолагаў, ён выказаў задавальненне, што фонд “Pro Oriente” будуе масты паміж пакаленнямі для працягу экуменічнага дыялогу.

Іерарх прызнаўся, што сумуе па “гарачым жаданні” разрозненых хрысціян быць разам. “Я больш за ўсё пакутую ад таго, што хрысціяне больш не пакутуюць ад свайго падзелу”, - сказаў кардынал Кох. Прычыну гэтага ён бачыць у постмадэрнісцкім мысленні, якое прапагандуе разнастайнасць, а кожнае імкненне да пошуку адзінства лічыць “падазроным”. Тым не менш, пытанне аб адзінстве хрысціян павінна задавацца зноў і зноў з “ветлівай упартасцю”, як вобразна сказаў іерарх. Хрыстус падчас сваёй развітальнай прамовы пажадаў адзінства, як умовы веры свету ў Яго. Гэта асабліва важна ў сучасным секулярным асяроддзі, каб хрысціяне сумесна сведчылі аб Евангельскім пасланні. І гэта агульнае сведчанне магчыма ўжо зараз, нават калі яшчэ адсутнічае “эўхарыстычная супольнасць”.

Кардынал Кох ускладае вялікую надзею на “усеправаслаўны Сабор”, падрыхтоўка якога працягваецца ўжо каля 50 гадоў. Ён спадзяецца, што гэта падзея будзе мець месца ў бліжэйшы час. Праваслаўе магло б паказаць такім чынам, як перажывае адзінства на падставе сваёй традыцыі. “Усеправасланы Сабор” стаў бы “вялікім крокам” для ўсяго хрысціянскага свету, лічыць ватыканскі кардынал.

Фонд “Pro Oriente” быў створаны ў 1964 г. кардыналам Францам Кёнігам для захавання і развіцця адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Імпульсам для яго паўстання стаў ІІ Ватыканскі Сабор і яго экуменічны дэкрэт „Unitatis Redintegratio“.

На рабочай сесіі ў Вене маладыя тэолагі абмеркавалі шэраг тэм, актуальных для экуменічнага дылогу, напрыклад, пытанне першынства і сінадальнасці. Наступнае пасяджэнне адбудзецца ў кастрычніку 2014 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.