У наш час асабліва
патрэбны пераканаўчыя сведкі, якія жыццём, а таксама словам зробяць бачным Евангелле,
абудзяць захапленне Езусам Хрыстом і прыгажосцю Бога. Такога меркавання прытрымліваецца
папа Францішак. На яго думку, у нашу эпоху, якая характарызуецца абыякавасцю да Бога,
асабліва важна абудзіць сэрцы і розум сучаснікаў на жыццё верай. “Вера – гэта дар
Божы, але важна, каб мы, хрысціяне дэманстравалі канкрэтны спосаб жыцця ёй, праз любоў,
згоду, радасць, пакуты, таму што гэта выклікае пытанні, як на пачатку існавання Касцёла:
“Чаму яны жывуць так? Што іх падштурхоўвае?”, - сказаў Папа. З такімі словамі Святы
Айцец звярнуўся 14 кастрычніка 2013 г. да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай рады
па новай евангелізацыі, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Клеменційскай Зале Апостальскага
палацу Ватыкана. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 50 чалавек.
На думку папы Францішка
неабходна працягваць пазбаўляцца ад “непатрэбных і шкодных рэчаў, фальшывых марных
бяспекаў, якія абцяжарваюць Касцёл і шкодзяць яго сапраўднаму абліччу”.
“Ёсць
патрэба ў хрысціянах, якія зробяць бачнай для людзей міласэрнасць Бога, яго пяшчотнасць
да кожнага стварэння (...) Таму новая евангелізацыя, (...) не можа не карыстацца мовай
міласэрнасці, якая ў першую чаргу складаецца з жэстаў і паводзін, а ўжо затым словаў”,
- сказаў Папа. Паводле Францішка, кожны хрысціянін павінен быць “хрыстафорам”, носьбітам
Хрыста, як казалі ў старажытнасці святыя айцы і ўсе павінны спытаць сябе – ці тыя,
каго сустракаем, адчуваюць у нашым жыцці цяпло веры, ці бачаць у нашых абліччах радасць
сустрэўшых Хрыста?
Францішак падкрэсліў, што для Касцёла важна выходзіць на
сустрэчу з іншымі, асабліва тымі, хто згубіў веру, мае іншую, або думае інакш. “Існуе
патрэба ў кіслародзе Евангелля, подыху Духа Уваскрослага Хрыста, які зноў запаліць
сэрцы”, - сказаў Папа.
У планаванні новай евангелізацыі Пантыфік заклікаў не
губляцца ў другасных і павярхоўных рэчах, але “канцэнтравацца на фундаментальнай рэальнасці,
якой з’яўляецца сустрэча з Хрыстом, Яго міласэрнасцю і любоўю, а таксама любоў да
братоў, якой Ён палюбіў нас”.
“Мы можам спытаць сябе: якім з’яўляецца душпастырства
ў нашых дыяцэзіях і парафіях? Ці робіць яно бачным самае галоўнае? Розныя досведы,
характарыстыкі, ідуць разам у гармоніі якую дарыць Святы Дух? Ці наша душпастырства
дысперсіўнае, фрагментарнае, у якім, напрыканцы, кожны ідзе куды хоча?”, - спытаў
Папа.
Пантыфік падкрэсліў важнасць катэхізацыі, як моманту евангелізацыі. “Гэта
каштоўнае служэнне для новай евангелізацыі, якое ажыцяўляюць катэхеты, і важна, каб
бацькі былі першымі катэхізатарамі, першымі настаўнікамі веры ва ўласнай сям’і, праз
сведчанне і слова”, - сказаў Францішак.