2013-10-14 13:04:50

Святы Айцец: для збаўлення не дастаткова дасканалай рэлігійнасці


RealAudioMP3 Неабходна змагацца з “сіндромам Ёны”, які вядзе да крывадушнасці і перакананасці ў магчымасці збаўлення толькі з дапамогай уласных учынкаў. Аб гэтым нагадаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 14 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец чарговы раз паразважаў над паводзінамі старазапаветнай постаці Ёны, які меў ясныя планы на сваё жыццё, а калі пачуў заклік Бога пайсці і прапаведаваць грэшнікам, уцёк. Паводле Францішка, многія нашыя сучаснікі таксама маюць “сіндром Ёны”. У Евангеллі імі з’яўляюцца “дактары закона”, які выпрабоўвалі Хрыста і жадалі злаваць яго ў пастку. Езус іх называў “крывадушнымі, бо яны не жадаюць збаўлення (...) беднага народа” – “невукаў” і “грэшнікаў”.

“У “сіндроме Ёны” няма руплівасці аб навяртанні людзей, толькі пошук святасці – дазволю сабе гэта слова – святасці “пафарбаванай” – прыгожай, добра зробленай, але без гарачага жадання ісці прапаведаваць Пана. Але Пан, перад абліччам гэтага пакалення, хворага “сіндромам Ёны”, Езус абяцае знак Ёны. Іншая версія, св. Мацьвея, кажа: Ёна знаходзіўся ўнутры кіта тры ночы і тры дні, нагадваючы пра Езуса ў магіле – Яго смерць і уваскрасеннь – і гэта знак, які Езус абяцае, супраць крывадушша, супраць гэтых паводзінаў дасканалай рэлігійнасці, супраць паводзінаў групы фарысеяў”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што знак Ёны паказвае шлях, які вядзе да збаўлення – той які ляжыць праз кроў Хрыста.

“Колькі існуе хрысціян, якія думаюць, што будуць збаўлены праз тое, што робяць, праз свае справы. Справы неабходныя, але яны толькі наступства, адказ на міласэрную любоў, якая нас збаўляе. Толькі справы, без міласэрнай любові – не патрэбныя. Аднак, “сіндром Ёны” мае давер толькі да ўласнай справядлівасці, сваіх спраў”, - сказаў Францішак.

“Сіндром Ёны”, на думку Папы, вядзе да крывадушша – самадастатковасці, быцця чыстымі хрысціянамі, дасканалымі, якія лічаць сябе такімі, толькі таму, што выконваюць запаведзі. “Гэта цяжкая хвароба”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.