2013-10-13 14:07:19

Святы Айцец: трэба быць канкрэтнымі хрысціянамі, а не пафарбаванымі


RealAudioMP3 13 кастрычніка ў іспанскай Тарагоне адбылася беатыфікацыя 522 мучанікаў – ахвяраў рэлігійнага пераследу ў гэтай краіне, падчас грамадзянскай вайны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Літургію, ад імя Пантыфіка ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. На цырымоніі было прысутных больш за 120 біскупаў і кардыналаў, каля1.3 тыс. святароў і больш за 40 тыс. вернікаў. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Амата адзначыў, што гэтыя пакутнікі за веру былі няўзброенымі прарокамі Божай міласэрнасці. Сярод іх знаходзіцца 88 дыяцэзіяльных святароў, у тым трох біскупаў, шматлікія семінарысты, законнікі і законніцы, маладыя і пажылыя асобы, бацькі сем’яў. “Яны ўсе нявінныя ахвяры, якія зазналі зняволенне, катаванні, несправядлівыя працэсы, неапісаныя знявагі і прыніжэнні”, - сказаў іерарх.

“Гэтыя браты і сёстры не былі ваеннаслужачымі, не мелі зброі, не былі на фронце, не падтрымлівалі ніякай палітычнай партыі, не былі правакатарамі. (..) Яны загінулі з-за нянавісці да веры, толькі таму што былі католікамі (...) верылі ў Бога, таму што для іх Езус быў адзінай каштоўнасцю, больш вартай чым іх уласнае жыццё”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

Папа Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў беатыфікацыйнай св. Імшы. Яно было прачытана на пачатку Літругіі. У ім Святы Айцец адзначыў, што мучанікі гэта хрысціяне, якія поўнасцю даверылі сябе Хрысту і добра зразумелі сэнс слоў “любіць да канца”, што прывяло Езуса на Крыж. “Няма любові ў растэрміноўку, любові на порцыі. Любоў павінна быць поўнай: калі любіцца, любіцца да канца”, - сказаў Папа. Паводле Пантыфіка Хрыстус “апяраджае” нас у любові, і мучанікі наследавалі Яго аж да канца.

Папа нагадаў, што святыя Айцы Касцёла заўсёды заклікалі: “браць прыклад з мучанікаў”. “Заўсёды трэба трохі памерці, каб выйсці з самых сябе, са свайго эгаізму, дабрабыту, сваёй ляноты, са сваіх хвароб і адкрыцца на Бога, на іншых, асабліва на найбольш патрабуючых”, - адзначыў Францішак. У канцы ён заклікаў усіх прасіць заступніцтва ў мучанікаў, каб стаць нам канкрэтнымі хрысціянамі, хрысціянамі учынкаў, а не на словах, каб мы не былі пасрэднымі хрысціянамі, пафарбаванымі хрысціянствам, але без істоты. “Новыя благаслаўлёныя не былі пафарбаванымі, але хрысціянамі аж да канца: папросім у іх дапамогі, каб атрымаць нам моцную веру, каб таксама і ў цяжкасцях, мы былі закваскай надзеі і будаўнікамі братэрства і салідарнасці”, - адзначыў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.