Францішак: пытанне аб ролі жанчыны ў грамадстве і Касцёле блізкае майму сэрцу
Роля жанчыны і мацярынства
былі ў цэнтры прамовы Святога Айца да ўдзельнікаў семінара арганізаванага ў Ватыкане
з нагоды ХХV гадавіны Апостальскага ліста бл. Яна Паўла ІІ “Mulieris dignitatem” –
“гістарычнага дакумента, першага у Папскім навучанні, цалкам прысвечанага тэме жанчыны”.
12 кастрычніка 2013 г., звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай Зале Апостальскага
палацу, Францішак выказаў сваю ўдзячнасць за ўвагу да гэтай тэмы. Удзельнікі ватыканскага
семінара галоўным чынам разважалі над фрагментам Апостальскага ліста ў якім гаворка
ідзе пра тое, што Бог асаблівым чынам даверыў чалавека жанчыне. “Мне здаецца відавочным,
што мой Папярэднік меў на ўвазе мацярынства”, - сказаў Папа. “Многія рэчы могуць змяняцца
і змяніліся ў культурнай і сацыяльнай эвалюцыі, але фактам застаецца, што жанчына
зачынае, носіць ва ўлонні і нараджае дзяцей чалавека. Гэта не толькі біялагічная дадзенасць,
але яна нясе за сабой багацце наступстваў, як для самой жанчыны, спосабу яе існавання,
так і для яе адносін, спосабу адносін да чалавечага жыцця і жыцця ўвогуле. Клікаючы
жанчыну да мацярынства, Бог асаблівым чынам даверыў ёй чалавека”, - сказаў Францішак.
Аднак
існуюць дзве супрацьлеглыя крайнасці, якія прыніжаюць жанчыну і яе пакліканне. Першая
– гэта імкненне абмяжоўваць мацярынства толькі сацыяльнай роллю, заданнем, якое хоць
і з’яўляецца шляхетным, але не раскрывае усяго патэнцыялу жанчын, “не ацэньвае яго
ўпоўні ў будаванні супольнасці”. Паводле Папы, гэта тычыцца як грамадскай сферы, так
і касцёльнай.
Іншай небяспекай, на думку Святога Айца, з’яўляецца эмансіпацыя
– імкненне жанчыны займаць месца мужчыны, і дзеля гэтага адкідаць жаночасць і каштоўныя
рысы, якія яе характарызуюць. “І тут я хачу падкрэсліць, што жанчына мае асаблівую
чуллівасць да “Божых справаў”, перш за ўсё дапамагаючы нам у разуменні міласэрнасці,
пяшчотнасці і любові, якую Бог мае да нас”, - сказаў Папа.
Францішак адзначыў,
што Апостальскі ліст “Mulieris dignitatem” заклікае да глыбокага разважання на гэту
тэму. Паводле яго, Касцёлу важна спытаць сябе: якое месца ў ім займае жанчына? Ці
яна можа быць ацэнена яшчэ больш? “Гэта рэальнасць блізкая майму сэрцу і таму я хацеў
сустрэцца з вамі і благаславіць вашу працу”, - сказаў Святы Айцец.