2013-10-12 18:06:03

Пантыфік: верыць – азначае даць сваё цела Езусу, каб Ён працягваў жыць сярод людзей


RealAudioMP3 12 кастрычніка 2013 г. на плошчы св. Пятра адбылася працэсія з фігуркай Маці Божай Фацімскай, якая прыбыла ў Рым ў рамках святкавання Марыйнага дня. Неслі статуэтку прадстаўнікі марыйных рухаў у суправаджэнні салдат Швейцарскай гвардыі і ватыканскіх жандармаў. Фігурка прыбыла ў Рым 12 кастрычніка і на пачатку на некаторы час спынілася ў капліцы кляштару “Mater Ecclesia” у якім жыве Бэнэдыкт XVI, а затым была перавезена ў Дом св. Марты у якім пражывае папа Францішак. Пасля заканчэння вячэрняй працэсіі і ружанцовай малітвы папа Францішак звярнуўся да сабраных вернікаў з катэхезай, якую прысвяціў веры Найсвяцейшай Панны Марыі. Пантыфік засяродзіўся на трох аспектах: па-першае ён адзначыў, што вера Марыі разрывае “вузел граху”, які паводле Айцоў Касцёла бярэ свой пачатак у “непаслухмянасці” і “нявер’і” Евы. На думку Святога Айца, Марыя сваім “так” сказаным Богу развязала вузел старажытнай непаслухмянасці – яна Маці, якая вядзе нас да Хрыста, каб Ён, сваёй бацькоўскай міласэрнасцю, развязаў вузлы нашай душы. Пантыфік заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці я веру ў Марыю, якая дапамагае мець давер да міласэрнасці Бога, каб змяніцца?

Другім элементам на які звярнуў увагу Папа, тычыўся веры Марыі, якая здолела даць цела Езусу. Паводле Святога Айца, тое, што здарылася з Паннай Марыяй, на духоўным узроўні адбываецца з кожным з нас, калі мы прымаем Божае слова і рэалізуем яго Езус набывае цела ў нас, селіцца ў тых, хто Яго любіць і выконвае Яго слова.

“Верыць у Езуса, азначае даць Яму наша цела, з пакорай і адвагай Марыі, каб Ён мог працягваць жыць сярод людзей; азначае даць Яму нашы далоні, каб суцяшаць малых і бедных; нашы ногі, каб ісці насустрач братам; нашы рукі, каб падтрымліваць тых, хто слабыя і працаваць у вінаградніку Пана; наш розум, каб думаць і праектаваць у святле Евангелля; асабліва наша сэрца, каб любіць і прымаць рашэнні згодна з воляй Бога”, - сказаў Папа.

Вера Марыя, гэта рух – такім быў трэцці аспект на які звярнуў увагу Францішак. Ён падкрэсліў, што Марыя ішла за Хрыстом на працягу ўсяго свайго жыцця, а ісці за Панам азначае расці ў веры, слухаць Яго і дазваляць Яго слову весці нас. “Шлях Езуса – гэта любоў да канца, аж да ахвяравання жыцця, шлях крыжа”, - нагадаў Папа і падкрэсліў, што Марыя гэта зразумела ад самага пачатку, яшчэ калі Ірад хацеў забіць яе нованароджанага Сына.

“Але затым гэты крыж стаў яшчэ больш глыбокім, калі Езус быў адкінуты”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што ў суботнюю ноч Марыя чувала, а яе вера сбыла як полымя ў начы. Калі яна пачула, што грабніца пустая, яе сэрца напоўнілася радасцю веры, хрысціянскай веры ў смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. “Гэта кульмінацыя шляху веры Марыі і ўсяго Касцёла”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці трымаем мы нашу веру запаленай таксама ў складаныя моманты, у моманты цемры? Ці маем радасць веры?







All the contents on this site are copyrighted ©.