2013-10-11 11:11:05

У Ватыкане размаўляюць пра ролю жанчын у грамадстве і Касцёле


RealAudioMP3 Роля жанчын у Каталіцкім Касцёле і грамадстве знаходзіцца ў цэнтры ўвагі канферэнцыі, якая адкрылася 9 кастрычніка 2013 г. у Ватыкане. Тэолагі, філосафы, медыкі і іншых спецыялісты з 25 краін да суботы будуць абмяркоўваць, якім чынам пашырыць сацыяльную прысутнасць жанчын. Арганізатарам трохдзённай канферэнцыі з’яўляецца Папская рада па справах свецкіх. Папа Францішак у апошні час шмат падкрэсліваў неабходнасць больш давяраць жанчынам адказныя функцыі ў грамадстве і Касцёле. Паводле Святога Айца, жанчына неабходная ў тым “жывым і адкрытым Касцёле, якога патрабуе сённяшні свет і які зможа па-новаму прыцягнуць вернікаў і запаліць іх сэрцы. Францішак лічыць, што жанчына дапамагае Касцёлу расці. У той жа час, ён катэгарычна супраць жаночага святарства. Замест спекуляцый на гэту тэму, Папа заклікае глыбей паразважаць аб рэалізацыі роўнасці палоў у іх адметнасцях. На яго думку, можна змяніць усё, не змяняючы базавых правілаў; тых, на якіх пабудавана каталіцкая традыцыя.

Нагодай для ватыканскай канферэнцыі стала гадавіна публікацыі дакументу “Mulieris Dignitatem” (Годнасць жанчыны), які Ян Павел II выдаў 25 гадоў таму, 15 жніўня 1988 г. Ён быў першым у гісторыі папскім дакументам, скіраваным выключна да жанчын.







All the contents on this site are copyrighted ©.