2013-10-11 14:51:59

Старшыня Еўрапарламента пра “еўрапеізм Касцёла”


RealAudioMP3 У завяршэнне свайго артыкула , апублікаванага ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”, старшыня Еўрапейскага парламента Марцін Шульц запрасіў папу Францішка выступіць перад дэпутатамі, якія прадстаўляюць у Страсбургу краіны Еўропы. 11 кастрычніка 2013 г. Пантыфік прыняў Шульца на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы. “Дваццаць пяць гадоў таму, у гэты ж дзень, Ян Павел II выступіў перад Еўрапейскім парламентам, сабраным у Страсбургу, з натхнёнай прамовай , - напісаў у сваім артыкуле нямецкі сацыял-дэмакрат. - Сёння, для Еўрапарламента было б вялікім гонарам пачуць зноў выступленне Святога Айца, яго словы прадбачання, салідарнасці і надзеі”.

Закрануўшы перспектыву “павольнага, але няўхільнага падзення Еўропы”, Шульц напісаў, што Стары кантынент “павінен зноў быць ажыўлены адноўленым сэнсам прысвячэння ясным мэтам”. Ён задаўся пытаннем, якія павінны быць гэтыя мэты? І адказаў, што перш за ўсё Еўропу зменіць сіла служэння “апошнім”, шлях вызвалення ад няроўнасці і беднасці. “Еўропа павінна ацэньвацца на аснове таго, як яна ставіцца да грамадзян, якія знаходзяцца ў патрэбе, найбольш абяздоленых і ўразлівых слаёў насельніцтва, якія рызыкуюць сваімі жыццямі, каб дасягнуць берагоў нашага кантынента”, - напісаў палітык і спаслаўся на сітуацыю на італьянскім востраве Лампедуза.

Еўропу, на яго думку, выратуе сіла дыялогу. Людзям, якія тут жывуць, трэба навучыцца “слухаць адзін аднаго”, а палітыкам, слухаць сваіх усходніх і паўднёвых суседзяў. Паводле меркавання Шульца, крытэрыем, на падставе якога трэба ацэньваць Еўропу, з’яўляюцца перспектывы, якія яна прапануе маладым людзям. Ён прывёў трагічныя лічбы беспрацоўя сярод моладзі на кантыненце і сцвердзіў, што сённяшняя “Еўропа здраджвае сваіх маладых грамадзян”.

Старшыня Еўрапарламента адзначыў, што “еўрапеізм Каталіцкага Касцёла” прапанаваў заўсёды не толькі падтрымку, але і крытычны аналіз і сваё бачанне будучыні еўрапейскага праекта. Таму, на яго думку, выступленне папы Францішка ў Еўрапейскім парламенце магло б адыграць станоўчую ролю.







All the contents on this site are copyrighted ©.