2013-10-11 10:46:23

Папа прыняў рашэнні па беатыфікацыйных і кананізацыйных справах


RealAudioMP3 Святы Айцец, пасля сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардыналам Анджэла Амата, прыняў рашэнне пашырыць літургічны культ Анджэлы да Фаліньё, благаслаўлёнай, якая жыла на пераломе ХІІІ-ХІV стагоддзяў і належала да свецкай галіны Ордэну францішканаў, на ўвесь Паўсюдны Касцёл і далучыць яе да спісу святых. Таксама папа Францішак зацвердзіў цуд праз пасрэдніцтва Слугі Божай Марыі Асунты Кацярыны Маркеці, сузаснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр місіянерак св. Карла, якая жыла на пераломе XVIII-XIX стагоддзяў.

Пантыфік пацвердзіў гераічнасць цнотаў благаслаўлёнага з ХІІІ ст. Амата Ранконі, заснавальніка шпіталя-хоспіса для бедных пілігрымаў у італьянскай дыяцэзіі Рыміні, а таксама пяці Слуг Божых: італьянскага арцыбіскупа Пія Альберта дэль Кароны, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр дамініканак Святога Духа; Марыі Элізабэты Тургеон з Канады, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Ружанцовай св. Германа; сястры Марыі ад св. Францішка Уілсана, якая нарадзілася ў Індыі і працавала ў Партугаліі, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр францішканак Маці Божай Пераможнай; італьянкі, сястры Марыі Элеаноры Джорджы з Кангрэгацыі слуг Беззаганнай Марыі Балеснай з Фларэнцыі і свецкага верніка, Аціліа Лучыяна Джардані, які нарадзіўся ў Італіі,а працаваў ў Бразіліі.







All the contents on this site are copyrighted ©.