2013-10-11 12:41:03

Пантыфік да яўрэйскай супольнасці пра “дыялог жыцця”


RealAudioMP3 Слова “шалом” прагучала 11 кастрычніка 2013 г. у Ватыкане. Святы Айцец прыняў дэлегацыю рымскіх яўрэяў, якія адзначаюць у гэтыя дні 70-годдзе дэпартацыі з Вечнага горада. Францішак прызнаўся, што як Біскуп Рыма “адчувае сябе асабліва блізкім да жыцця яўрэйскай супольнасці Вечнага горада”. Яе гісторыя налічвае больш за дзве тысячы гадоў і таму можа быць названа найстарэйшай у Заходняй Еўропе. Святы Айцец звярнуўся да сумнай даты, і адзначыў, што “парадаксальна, але агульная трагедыя вайны навучыла нас ісці разам”. Праз некалькі дзён католікі будуць узгадваць і маліцца за многіх нявінных ахвяр чалавечага варварства, якім была дэпартацыя яўрэйскага насельніцтва з Рыма. Францішак нагадаў, што сумны юбілей нагадвае таксама аб адкрытасці хрысціянскай супольнасці горада, якая ў годы фашысцкага і нацысцкага панавання аказала падтрымку братам у бядзе.

“Мы ведаем, наколькі шматлікія манаскія кангрэгацыі, кляштары і папскія базылікі, паводле волі Папы, адкрылі свае дзверы для братэрскага прыёму, і колькі звычайных хрысціян прапанавала сваю пасільную дапамогу”, - нагадаў Пантыфік і дадаў, што ім не перашкаджала тое, што ў пераважнай большасці не ведалі “пра неабходнасць абнаўлення хрысціянскага разумення юдаізму і, магчыма, увогуле вельмі мала ведалі пра жыццё яўрэйскай супольнасці”. “Яны проста знайшлі ў сабе сілы зрабіць тое, што ў той час было правільным: абараніць свайго брата, які быў у небяспецы”, - адзначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што важна, калі існуе тэалагічны дыялог, але важна, калі ёсць “дыялог жыцця” і “паўсядзённага досведу”. “Сапраўды, без гэтага, без рэальнай і канкрэтнай культуры сустрэча, што прыводзіць да сапраўдных адносін, без забабонаў і падазрэньняў, у інтэлектуальнай сферы мала што можна асягнуць”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак паабяцаў, што ён будзе намагацца ўносіць свой уклад у “блізкасць і сяброўства” паміж католікамі і юдэямі. “Сярод многіх рэчаў, якія могуць аб’ядноўваць нас, ёсць сведчанне праўды дзесяці запаведзяў, Дэкалогу, трывалай асновы і крыніцы жыцця для нашага грамадства, настолькі дэзарыентаванага экстрэмальным плюралізмам выбару і арыентацыі і пазначанага рэлятывізмам, які нясе з сабой адсутнасць цвёрдых і бяспечных пунктаў адліку”, - сказаў Папа, цытуючы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI.

На заканчэнне Святы Айцец падзякаваў прадстаўнікам яўрэйскай супольнасці Рыма за іх візіт і выказаў надзею на “агульнае падарожжа сяброўства і даверу”.







All the contents on this site are copyrighted ©.