2013-10-09 15:14:31

Член Рады кардыналаў супраць паспешных рашэнняў адносна разведзеных


RealAudioMP3 Член Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, кардынал Рэйнхард Маркс, выступіў супраць нейкіх агульных рашэнняў у справе асоб разведзеных і жывучых у новых саюзах. “Пробашч асобнай парафіі ў стане лепш ацаніць сітуацыю”, - сказаў арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі 8 кастрычніка 2013 г. у баварскім Фюрстэнфэльдбрук. Ён дадаў, што “агульныя рашэнні не патрэбныя” і Канферэнцыя Біскупаў Германіі ў дадзеным выпадку “ідзе агульным шляхам”.

Арцыбіскуп прызнаўся, што душпастырскія прынцыпы адносна развёўшыхся і нанова ажаніўшыхся ў Фрайбургскай архідыяцэзіі яго здзівілі. Душпастырскі аддзел архідыяцэзіі ўпершыню прапанаваў спосабы, як католікі, якія пасля разводу ўступілі ў новы саюз, з афіцыйным дазволам могуць прыступаць да сакрамэнтаў пакуты і Эўхарыстыі. Трэба адначыць, што гаворка ідзе пра асоб, якія заключылі касцёльнае сужэнства. Разам са станочай ацэнкай “прынцыпаў” з’явіліся таксама скептычныя галасы з іншых нямецкіх дыяцэзій і Апостальскай Сталіцы.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі перасцярог 8 кастрычніка ад прапаноў у гэтай справе з боку некаторых асоб ці мясцовых арганізацый, якія могуць прывесці да блытаніны. Учора стала вядома аб скліканні Пантыфікам у 2014 г. Сіноду Біскупаў на тэму сям’і. “Гэта спосаб, які Папа мае намер выкарыстаць, каб працягнуць разважанні і ісці па шляху супольнасці Касцёла, з удзелам прадстаўнікоў епіскапату з розных частках свету”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён выказаў упэўненасць, што Сінод дазволіць Касцёлу пайсці наперад у вызначэнні кіруючых прынцыпаў душпастырства сям’і. Надзвычайны статус Сінода, на думку святара, дэманструе тэрміновае жаданне зрабіць гэта.







All the contents on this site are copyrighted ©.