2013-10-09 15:28:47

Пій ХІІ і беларусы: у 55-ю гадавіну смерці Пантыфіка


RealAudioMP3 55 гадоў таму, 9 кастрычніка 1958 г., памёр папа Пій ХІІ – мужны і дбайны пастыр, якому было даверана весці лодку Хрыста праз бурныя хвалі сярэдзіны ХХ ст. Навіна аб смерці Пантыфіка знайшла месца на старонках часопіса “Зніч”, які з 1950 па 1975 г. выдаваў у Рыме беларускі святар і першы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Пётр Татарыновіч. На яго старонках святар адзначаў, што ў “айцоўскім сэрцы” Пія ХІІ “знайшлося месца для беларусаў”. У 1949 г. гэты Пантыфік удзяліў благаслаўленне ўсяму беларускаму народу у якасці падзякі за віншаванне з нагоды 50-годдзя яго святарства, скіраванае адным з прадстаўнікоў беларускай каталіцкай эміграцыі.

Варта адзначыць, што ў 1946 г. Пій ХІІ прыняў на аўдыенцыі чатырох беларускіх рэлігійных і грамадскіх дзеячаў: кс. Пятра Татарыновіча, а. Льва Гарошку, а. Чэслава Сіповіча і старшыню “Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі” Лявона Рыдлеўскага. Папа адгукнуўся на зварот беларускіх дзеячаў аб неабходнасці прызначэння Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа, а таксама падтрымцы душпастрыства беларускіх вернікаў за мяжой.

Менавіта падчас пантыфікату Пія ХІІ з боку Апостальскай Сталіцы пачала аказвацца пастаянная дапамога беларускім душпастрыскім цэнтрам у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і Германіі. Падтрымлівалася выданне малітоўнікаў, Евангелля і каталіцкага перыядычнага друку. Пій ХІІ памятаў пра неабходнасць нясення евангельскага паслання людзям, якія апынуліся за жалезнай завесай таталітарных рэжымаў. Ён быў першым Папам, чыё слова загучала на радыёхвалях па-беларуску. Менавіта ў гады яго пантыфікату ўзнікла Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Кс. Татарыновіч адзначаў, што ўзгаданыя факты пацвярджаюць не апошняе месца беларускага народа ў сэрцы гэтага Пантыфіка.“Хайжа і наша пабожна-удзячная памяць аб ім ня будзе апошняй”, - заклікаў святар у 1958 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.