2013-10-09 11:39:54

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння выказаўся на тэму неа-атэізму


RealAudioMP3 Жыццё занадта кароткае, каб марнаваць яго на дрэнную філасофію, лічыць прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер. Гаворка ідзе пра ідэалогію сучасных постмадэрнісцкіх эліт, якія актыўна прасоўваюць “рознакаляровыя погляды свету эпікурэйскага тыпу”. На самой справе, паводле вядомага нямецкага тэолага, “інфантыльная ўпартасць гэтага нігілізму” выступае супраць “аптымізму хрысціянскага бачання свету і чалавека”, які не выключае рацыяналізму і рэалізму. Відавочным становіцца фіяска постмадэрнізму, бо ўсё больш і больш людзей задаецца фундаментальнымі пытаннямі: што ёсць чалавек? У чым сэнс цярпення, зла, смерці, якія працягваюць існаваць нягледзячы на такі значны прагрэс?, - напісаў арцыбіскуп Мюлер у сённяшняй “L’Osservatore Romano”.

Ватыканскі іерарх звяртаецца да тэмы атэізму і заўважае, што апошнія статыстычныя дадзеныя паказваюць рэзкі рост “канвертытаў” на атэізм у свеце: больш за 10% насельніцтва аб’яўляе сябе атэістамі. На думку арцыбіскупа, так адбываецца ў тым ліку таму, што сучасны атэізм прэтэндуе на ролю таго, хто жадае “апраўдаць” навуковым чынам працэс дэхрысціянізацыі еўрапейскай і паўночнаамерыканскай цывілізацыі, які пачаўся ў XVII ст. Таксама ён спрыяе геданістычнаму ладу жыцця, адзначанага выгадай і карысцю. Так званы “неа-атэізм” на самой справе не прапануе ніякіх новых падстаў. Адзіная яго навізна складаецца ў спробе пашырыць эвалюцыйную і нейрафізіялагічную тэорыі з дапамогай астрафізікі, біялогіі і даследаванняў мозгу.

Арцыбіскуп Мюлер называе “неа-атэізм” псеўда-навуковым светапоглядам. Ён заклікае паглядзець на адну з яго праяў – палітычны атэізм, пасеяны нацыянал-сацыялізмам у Германіі і сталінскай праграмай знішчэння Касцёла ў Савецкім Саюзе. Гледзячы на гэтыя факты, “становіцца яшчэ больш відавочным нетрывалы і нялюдскі характар неа-атэізму”. Навуковы атэізм, у сваю чаргу, “імкнецца зацвердзіць сябе ў якасці глабальнага бачання свету” і, такім чынам, становіцца “таталітарнай палітычныя праграмай”.

Ватыканскі іерах робіць выснову, што для пазнання ўнутранага стану чалавека, як і яго істотных імкненняў да праўды і дабра, і, такім чынам, рэалізацыі сябе як асобы, што мае фізічна-духоўную прыроду, даследаванняў эвалюцыянісцкага і нейрабіялагічнага тыпу занадта мала. Рэальны праект пазнання чалавека, паводле ватыканскага іерарха, магчымы толькі ў тым выпадку, калі эмпірызм і яго вытворныя ў выглядзе матэрыялізму, пазітывізму і рацыяналізму, будуць пераўзыдзены.







All the contents on this site are copyrighted ©.