2013-10-08 16:44:44

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці падкупаў Борджыа кардыналаў, каб стаць Папам?


RealAudioMP3 Адным з распаўсюджаных міфаў, створаных вакол асобы папы Аляксандра VI, з’яўляецца гісторыя заняцця ім Пасаду св. Пятра. Паводле міфу, ён падкупіў кардыналаў падчас канклаву з мэтай атрымання іх голасоў. Многія даследчыкі ўказваюць на гэты факт, які сёння шырока “вандруе” па кнігах, інтэрнэце і нават кіно. А ці сапраўды ён мае рэальныя падставы? Пра гэта мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Канклаў, на якім Радрыга Борджыа быў абраны Папам, пачаўся 6 жніўня 1492 г. – праз тры дні пасля таго, як Калумб пакінуў Партугалію у пошуку кароткага шляху ў Індыю. У канклаве прынялі ўдзел 23 кардыналы, амаль усе італьянцы, за выключэннем кардыналаў Борджыа і Коста. Галоўным чынам, пурпураты падзяліліся на сімпатызуючых двум буйным палітычным сілам: каралю Фердынанду І Неапалітанскаму і міланскаму князю Людовіку Сфорца.

Гэтыя манархі шукалі сваёй выгады ў выбарах Пантыфіка і падтрымлівалі двух розных кандыдатаў: першы – кардынала Джуліана Дэла Ровэрэ, а другі – кардынала Асканіа Сфорца. Такім чынам, на плячах удзельнікаў канклава ляжаў цяжар “правільнага” палітычнае рашэння – неабходна было выбраць чалавека, які б быў у стане захаваць мір і бяспеку Папскай дзяржавы.У дадзеным канктэксце цяжка сцвярджаць, што подкуп з боку Радрыга Борджыа ці нейкага іншага пурпурата мог быць плённым. Аднак, калі ён быў абраны на Пасад св. Пятра, пачалі распаўсюджавацца чуткі, што Папа падкупіў кардыналаў – хтосьці пляткарыў іх за грошы, а хтосьці, з-за ўласных крыўдаў.

У распаўсюджванні “чорнай легенды” былі зацікаўлены некаторыя мясцовыя рымскія роды, якія знаходзіліся пад уплывам неапалітанскіх і міланскіх двароў. Яны варожа адносіліся да Аляксандра VI, бо ён адразу пасля абрання канфіскаваў у іх некаторую касцёльную маёмасць, узурпаваную пры жыцці мінулага Пантыфіка. Маёмасць пасля яго смерці павінна была вярнуцца ва ўласнасць Апостальскай Сталіцы. Аляксандр VI, будучы спецыялістам у кананічным праве, добра пра гэта ведаў. Тым больш, узурпаваныя замкі пагражалі добрай камунікацыі і бяспецы Папскай дзяржавы, а Радрыга Борджыа ўсё сваё жыццё служыў Касцёлу і меў да яго вялікую і сакральную павагу, большую за прыватныя інтарэсы.

Варта нагадаць, што ў Рыме даўно наспявала антыіспанская змова. У тую эпоху ў Еўропе быў распаўсюджаны пэўнага кшталту расізм у адносінах да іспанцаў. Іспанія лічылася краінай “ніжэйшага гатунку” з-за сваёй рэлігійнай нявызначанасці і неаднароднасці, адсутнасці моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці, часам легкадумнага нораву жыхароў. Да сям’і Борджыа адносіліся прадузята з часоў Калікста ІІІ, калі колькасць іберыйцаў пры Папскім двары пачала павялічвацца.

Адным з першых пра подкуп, або сіманію, пачаў казаць публічна італьянскі інтэлектуал і пісьменнік Франчэска Гучардзіні. Ён пісаў гісторыю сям’і Борджыа, абапіраючся на народныя байкі і чуткі. А пра яго прадузятасць да Рымскіх Пантыфікаў кажа яго прызнанне ў любові да Лютэра “як да сябе самаго”.

Вяртаючыся да канклава, трэба адзначыць, што ў якасці доказаў подкупу прыводзіцца перадача маёмасці Борджыа некаторым кардыналам. Падобныя дзеянні былі зафіксаваныя пры абранні яго папярэднікаў: Пія ІІ і Інакенція VIII, аднак, калі б яны мелі дачыненне да канклава, то яго лёс вызначыўся б пры першых галасаваннях. Але гэтага не адбылося. Тым больш, Борджыа два разы ўдзельнічаў у канклавах у якасці кандыдата на Пасад св. Пятра, але не быў абраны – калі б ён карыстаўся подкупам, вынік быў бы іншы.

Таксама варта адзначыць, што некаторая маёмасць сапраўды перадавалася асобам кардыналаў, якія падтрымалі Радрыга Борджыа ўжо ў першых галасаваннях: Склафенаццы, Рыарыа і Даменіка дэла Ровэрэ. Таму нельга казаць, што Борджыа пачаў падкупаць пурпуратаў, калі яму не хапала галасоў.

Перадача буйных уладанняў кардыналу Сфорца, з боку Радрыга Борджа з мэтай подкупу таксама не пацвярджаецца. Пра яе ўзгадвае толькі адна крыніца – “Дзённік горада Рыма” – зборнік праўдзівых і фальшывых навін, якія “вандравалі” па Вечным горадзе ў другой палове XV ст., складзены італьянскім храніст Стэфано Інфесурыем. Гісторыкамі гэта крыніца не разглядаецца як “выклікаючая давер”.

Так чаму ж у 1492 г. быў абраны Радрыга Борджыа? Калі ўдзельнікі канклава не маглі выбраць сярод двух галоўных прэтэндэнтаў, было вырашана звярнуць увагу на трэццяга, нейтральнага – які не быў італьянцам і не знаходзіўся пад уплывам ніводнай з палітычных сіл. Выбар паў на Борджыа, шанцы якога былі дастаткова вялікімі і пры гэтым улічваўся яго аўтарытэт, клопат пра Касцёл, шчодрасць і асабістае багацце. Радрыга Борджа быў на той момант дэканам Калегіі кардыналаў і віцэ-канцлерам – другім чалавекам пасля Папы ў Касцёле.

У выніку першага галасавання Борджыа атрымаў толькі сем галасоў, падчас другога і трэццяга – восем. Тады кардыналы вырашылі паглядзець на кандыдытуру Борджыа сур’ёзна: падчас чацьвёртага галасавання ён атрымаў усе галасы за выключэннем свайго. У лісце скіраваным на радзіму і адрасаваным біскупу Валенсіі ён пісаў, што быў абраны “з адзінадушнай воляй і згодай”. Гэты ліст і сёння заховаецца ў архіве гэтага іспанскага горада.

На момант канклава не існавала ніякіх абвінавачванняў, якія б тычыліся прыватнага жыцця Радрыга Борджыа. Для многіх яго абранне стала сапраўдным падарункам, таму што ўсе ведалі цяжар выбару, абумоўленага грашыма суседніх дзяржаў. Жыхары Рыма сустрэлі абранне добра вядомага ім кардынала вялікімі святкаваннямі. Адзін з прысутных у Рыме назіральнікаў канклава пісаў, што “выбары павінны былі быць нічым іншым, як справай Святога Духа”. Сумленнасць выбараў шырока пацвярджалася сучаснікамі тых падзей, а таксама некаторымі даследчыкамі вельмі суровымі да сям’і Борджыа, як напрыклад іспанскім езуітам Мікелем Батлоры.








All the contents on this site are copyrighted ©.