2013-10-08 11:10:46

Папу запросяць выступіць у Еўрапейскім парламенце


RealAudioMP3 Кіраўнік Еўрапейскага парламента Марцін Шульц будзе прыняты папам Францішкам на аўдыенцыі 11 кастрычніка 2013 г. У інтэрв’ю нямецкай газеце “Die Tagespost” ён прызнаўся, што запросіць Пантыфіка выступіць з прамовай у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Нямецкі сацыял-дэмакрат сказаў, што хацеў бы, каб Святы Айцец прыбыў у Страсбург яшчэ падчас бягучага парламенцкага тэрміну. Наступныя выбары адбудуцца ў маі 2014 г.

Шульц лічыць, што папа Францішак у сваім навучанні ставіць акцэнт на тэмы, якія ўяўляюць цікавасць для Еўрапейскага парламента. “Асабліва тэма барацьбы з беспрацоўем, пытанні бежанцаў, амаральнай дзейнасці фінансавага сектара, абароны меншасцяў, палітыкі міра і міжрэлігійнага дыялогу”. Аб гэтым Шульц хоча пагаварыць з Папам падчас аўдыенцыі. “Вядома, не ўсе дэпутаты перакананы ў тым, што Папа павінен выступіць з прамовай у Страсбургу”, - адзначыў ён. Але, - дадаў старшыня Еўрапейскага парламента - у рэшце рэшт, Папа з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і “на мой погляд, многія крытычна настроеныя да яго калегі з нецярпеннем чакаюць яго”.

Яшчэ ў 2007 г. Бэнэдыкта XVI у Страсбург запрашаў тагачасны кіраўнік Еўрапейскага парламента Ганс-Герт Пётэрынг. Гэты візіт, аднак, не адбыўся. Адзіная ў гісторыі прамова Пантыфіка ў Еўрапейскім парламенце прагучала ў Страсбургу ў 1988 г. з вуснаў Яна Паўла II.







All the contents on this site are copyrighted ©.