2013-10-08 13:22:42

Пантыфік склікае Сінод Біскупаў на тэму сям’і


RealAudioMP3 Святы Айцец вызначыў дату і тэму наступнай Трэцяй надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў. Яна пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г. і будзе прысвечана сям’і. Дакладна тэма асамблеі гучыць: “Душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Дзве папярэднія надзвычайныя сесіі прайшлі ў кастрычніку 1969 г., на тэму супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і біскупскімі канферэнцыямі, і ў лістападзе-снежні 1985 г., у 20-ю гадавіну завяршэння ІІ Ватыканскага Сабору. Вельмі важнай назваў сённяшнюю навіну кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду. “Гэта спосаб, які Папа мае намер выкарыстаць, каб працягнуць разважанні і ісці па шляху супольнасці Касцёла, з удзелам прадстаўнікоў епіскапату з розных частках свету”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён выказаў упэўненасць, што Сінод дазволіць Касцёлу пайсці наперад у вызначэнні кіруючых прынцыпаў душпастырства сям’і. Надзвычайны статус Сінода, на думку святара, дэманструе тэрміновае жаданне зрабіць гэта.

Сінод з’яўляецца сустрэчай прадстаўнікоў епіскапатаў з розных рэгіёнаў свету для абмеркавання пытанняў, звязаных з дзейнасцю Касцёла. Асамблея падпарадкоўваецца непасрэдна Папе, таксама мае ўласныя арганізацыйныя структуры, такія як Генеральны сакратарыят. На надзвычайных сесіях Сіноду Біскупаў, прыкладам якіх з’яўляецца абвешчаная 8 кастрычніка 2013 г., абмяркоўваюцца актуальныя і тэрміновыя пытанні.

Нядаўна, 21 верасня 2013 г., папа Францішак прызначыў новага генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, арцыбіскупа Ларэнца Балдзісэры.

Мінулая сесія Сіноду Біскупаў, якая была звычайнай, праходзіла ў Ватыкане 7-28 кастрычніка 2012 г. і была прысвечана новай евангелізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.