2013-10-07 12:57:37

“Дыялог цывілізацый” супраць дыскрымінацыі хрысціян на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы


RealAudioMP3 Удзельнікі 11-га форуму “Дыялог цывілізацый”, які завяршыўся ў суботу на Родасе, надалі шмат увагі абароне хрысціян на Блізкім Усходзе, хрысціянска-ісламскаму дыялогу і імклівай палітызацыі рэлігійнага жыцця, уключэнню рэлігійных ідэй у палітычныя працэсы ў розных краінах свету. Намеснік генеральнага сакратара Блізкаўсходняй Рады Цэркваў Эліяс Аль-Халабі з Лівана прывёў статыстычную інфармацыю, якая сведчыць аб тым, што “гуманітарная сітуацыя ў Сірыі становіцца горшай з дня на дзень”. Ён паведаміў, што, па дадзеных ААН, сірыйскі канфлікт ужо забраў 70 тыс. жыццяў і каля 1,2 мільёна чалавек пакінуў без прытулку, а па дадзеных сірыйскага боку, ахвяр канфлікту ў некалькі разоў больш.

Прадстаўнікі ўсіх Цэркваў, якія прысутнічалі на асамблеі, выказалі занепакоенасць лёсам двух выкрадзеных вясной у Сірыі праваслаўных Мітрапалітаў, пра якіх да гэтага часу дакладна нічога не вядома. У кулуарах форуму гаварылася аб тым, што яны знаходзяцца ў Турцыі, аднак гэтаму няма пацвярджэння.

“Трэба дамаўляцца з памяркоўнымі мусульманамі, якія традыцыйна жывуць у міры з хрысціянамі”, - прапанаваў святар Грэка-каталіцкай царквы ў Іарданіі Набіль Хаддат на круглым стале “Рэлігійныя меншасці на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы”. Як прыклад гатовых да супрацоўніцтва і дапамогі мусульман ён прывёў караля Іарданіі Абдалу, які, паводле слоў святара, прадпрымае сур’ёзныя крокі для захавання хрысціянскага насельніцтва ў рэгіёне. Ідэю Хаддата ў цэлым падтрымалі і іншыя ўдзельнікі дыскусіі. Яны ўскладаюць вялікія надзеі на запланаваную на сярэдзіну лістапада міжнародную канферэнцыю па мірным урэгуляванні канфлікту ў Сірыі.

Удзельнікі штогадовай сесіі форуму “Дыялог цывілізацый” заклікалі сусветную супольнасць да спынення дыскрымінацыі хрысціян на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

На форуме прайшла прэзентацыя кнігі “Дваццаць дзве ідэі выправіць свет” – зборніка думак буйных мысляроў з розных краін, якія тычацца розных сфер жыцця. Выданне як бы падводзіць вынікі дзесяцігадовай працы форуму і прапануе зазірнуць у будучыню. “Спачатку мы стварылі пляцоўку для абмеркавання складаных пытанняў сучаснасці і потым на працягу ўсіх гэтых гадоў спрабавалі ствараць атмасферу незалежнасці і даверу для кожнага, хто прыбывае сюды”, - сказаў заснавальнік “Дыялогу цывілізацый”, Уладзімір Якунін.

Радоскі форум сабраў у гэтым годзе каля 500 удзельнікаў з 60 краін. “Дыялог цывілізацый” – гэта некамерцыйная няўрадавая міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2002 г. з мэтай пошуку альтэрнатыўных шляхоў сусветнага развіцця ва ўмовах глабалізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.