2013-10-07 12:39:16

Святы Айцец: дазволім Богу пісаць наша жыццё!


RealAudioMP3 Дазволім Богу пісаць наша жыццё! З такім заклікам папа Францішак звярнуўся падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 7 кастрычніка 2013 г. У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што часам хрысціянін, католік, можа ўцякаць ад Бога, а грэшнік, якога ўсе лічаць далёкім ад Яго, наадварот – будзе слухаць голас Пана. Францішак прывёў прыклад біблійнага Ёны, які шмат маліўся і рабіў добрыя ўчынкі, але калі пачуў канкрэтны заклік Бога, пачаў уцякаць ад Яго. Паводле Святога Айца, Ёна ўжо запланаваў сваё жыццё і “не хацеў, каб яго турбавалі”. На думку Францішка, уцякаць ад Бога можна будучы хрысціянінам, католікам, членам Каталіцкай Акцыі, святаром, біскупам і нават Папам. “Гэта штодзённая спакуса. Не слухаць Бога, не слухаць Яго голасу, не адчуваць у сэрцы Яго прапаноў, закліку”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што спосабаў уцёкаў ад Бога існуе шмат.

У сувязі з гэтым, Папа нагадаў прыпавесць пра міласэрнага самараніна: на дарозе ляжаў ледзьве жывы чалавек і ўсе, хто праходзілі побач выдумвалі для сябе прычыны, каб не дапамагаць. Сярод іх былі таксама святар і левіт. Аднак самаранін, “не прызвычаены да рэлігійных практык, маральнага жыцця, які тэалагічна памыляўся, (...) зразумеў, што Бог яго клікаў, і не ўцёк”. Самаранін “падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на сваю жывёлу”, нават “прывёз у заезд і паклапаціўся пра яго”. “Патраціў на яго цэлы вечар”, - падкрэсліў Францішак.

“Святар прыйшоў своечасова на св. Імшу і вернікі былі задаволены; левіт назаўтра меў спакойны дзень, такі, якім яго задумаў. (...) Чаму Ёна ўцякаў ад Бога? Чаму святар уцякаў ад Бога? Чаму левіт уцякаў ад Бога? Таму што мелі закрытае сэрца, а калі сэрца закрытае, немагчыма пачуць голас Бога. Але самаранін, які здзяйсняў падарожжа “убачыўшы, злітаваўся”: меў адкрытае сэрца, быў чалавечным”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што самаранін, нягледзячы на тое, што быў грэшнікам, “дазволіў Богу пісаць сваё жыццё”. Папа заклікаў таксама ўсіх вернікаў быць паслухмянымі Божаму слову, слухаць і знаходзіць яго ў сваёй штодзённай гісторыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.