2013-10-07 13:11:12

Пантыфік сустрэўся з каралём Лесота


RealAudioMP3 7 кастрычніка 2013 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы караля паўднёва-афрыканскага Каралеўства Лесота Летсіе ІІІ, які затым сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ. У ходзе перамоваў адзначаліся добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Каралеўствам Лесота і важнасць рэлігійнай свабоды для спрыяння станоўчаму супрацоўніцтву паміж дзяржавай і Касцёлам. У сувязі з гэтым, быў высока ацэнены прыярытэт, які надаецца манархам і ўрадам афрыканскай краіны развіццю сферы аховы здароўя і адукацыі. З іншага боку, адзначаўся значны ўклад Касцёла ў развіццё дабрачыннасці, справядлівасці і міру. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі некаторыя тэмы этыка-сацыяльнага характару, у тым ліку пытанне сям’і, а таксама палітычную і эканамічную сітуацыю ў рэгіёне.

Святы Пасад і Каралеўства Лесота падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з 1967 г. Сядзіба Апостальскага нунцыя знаходзіцца на тэрыторыі суседняй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Гісторыя каталіцтва на тэрыторыі гэтай анклаўнай дзяржавы налічвае крыху больш за 150 гадоў. Першыя місіянеры прыбылі на тэрыторыю Лесота ў 1862 г. У 1931 г. атрымаў святарскае пасвячэнне першы мясцовы святар, а у 1988 г. каралеўства наведаў Ян Павел ІІ.

На сённяшні дзень тут дзейнічае каля 90 парафій, працуе 150 святароў, існуе больш за 600 каталіцкіх навучальных устаноў і каля 100 дабрачынных цэнтраў. Насельніцтва Лесота складае каля 2 млн. чалавек, каля паловы з якіх – католікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.