2013-10-07 13:58:53

Кардынал: рэформа Рымскай курыі і Касцёла будзе працягвацца гады


RealAudioMP3 Ініцыяваная папам Францішкам рэформа Рымскай курыі і Касцёла будзе працягвацца, па словах гандураскага кардынала Оскара Радрыгеса Марадзьягі, гады. Гэта праца, адзназначна, не будзе завершана ў наступным годзе, сказаў ён у інтэрв’ю каталіцкай газеце “Avvenire”. Да яе, вядома, павінны далучыцца курыяльныя эксперты. 1-3 кастрычніка ў Ватыкане на пасяджэнні Рады кардыналаў, каардынатарам якой з’яўляецца арцыбіскуп Тэгусігальпу, было закранута пытанне калегіяльнасці ў кантэксце правядзення Сінодаў Біскупаў.

Рада кардыналаў, згодна з ідэяй Папы, разважала, якім чынам Сіноды могуць служыць большай пераемнасці ў Касцёле, быць больш інтэрактыўнымі, прызнаўся кардынал Марадзьяга, і адзначыў, што значную ролю тут можа адыграць больш актыўнае выкарыстанне інтэрнэту. “Гэта цікава, але сінадальнасць з’яўляецца адным з аспектаў, якія не былі моцна развітыя пасля ІІ Ватыканскага Сабору”, - сказаў ён. Тэма сямейнага душпастырства, аднак, пакуль не разглядалася на канферэнцыі, але гэта яшчэ наперадзе, дадаў іерарх.

Лацінаамерыканскі кардынал асцярожна пракаментаваў ідэю ўвядзення новай пасады “мадэратара Рымскай курыі”, якая абмяркоўвалася пурпуратамі ў сакавіку 2013 г. перад канклавам. “На дакладнае вызначэнне гэтай функцыі пакуль яшчэ занадта рана”, - сказаў іерарх. Тое ж тычыцца і здагадкі аб зліцці ватыканскіх дыкастэрый. Прапанову стварыць свайго роду ватыканскае “міністэрства фінансаў” Рада кардыналаў не абмяркоўвала. Па гэтым пытанні трэба дачакацца заключэння адпаведных камісій, адзначыў пурпурат. Дакладна тое ж датычыць і справы Ватыканскага банка.

Кардынал Марадзьяга адхіліў спекуляцыі наконт Трэцяга Ватыканскага Сабору. Другі Ватыканскі Сабор яшчэ занадта мала вядомы. Сабор не павінен заключацца ў прыняцці толькі некаторых тэкстаў, але ў акцэптацыі ўсіх яго дакументаў. “Я думаю, што Трэці Ватыканскі Сабор, або ён можа называцца інакш, яшчэ вельмі далёка. Па-ранейшаму на першым месцы стаіць буйная праца па рэалізацыі ІІ Ватыканскага Сабору”, - сказаў кардынал Марадзьяга італьянскай газеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.