2013-10-05 12:26:25

Святы Айцец паехаў у Асізі не для выпускаў навін


RealAudioMP3 На думку кіраўніка прэс-цэнтра францішканскага кляштару ў Асізі а. Энца Фартуната, візіт Святога Айца ў гэты горад можна ахарактарызаваць трыма словамі: сустрэча, свежасць і рух. “Сустрэча, таму што Папа, сустракаючы св. Францішка, сустрэў усіх, - сказаў законнік у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. - Свежасць, таму што праз прызму францішканскага харызмата паказаў актуальнасць і мір Евангелля. Рух – таму што ўсё, пра што ён казаў, падштурхоўвае нас вырушыць наперад”. Уплывовы італьянскі журналіст Андрэа Тарньелі параўнаў візіт Пантыфіка ў Асізі з Крыжовым шляхам, першай стацыяй якога стаў рэабілітацыйны дзіцячы цэнтр “Istituto Serafico”. Тут ён сустрэў цяжка хворых дзяцей, іх блізкіх і валанцёраў. Папа абдымаў іх, пахіляўся, каб пачуць іх голас, дакранаўся да твараў тых, хто не мог яго бачыць і дазваляў трымацца за свой крыж тым, каму было цяжка стаяць. “Пантыфік не спяшаўся, таму што для яго быць біскупам, азначае перш за ўсё гэта: абдымаць пакутуючых і бедных”, - адзначыў журналіст і дадаў, што менавіта такі ўрок Францішак хоча даць Касцёлу ва ўсім свеце: клопат аб бедных і пакутуючых, спалучаны з сэрцам хрысціянскай веры.

Падчас візіту Папы ў будынак асізскага епіскапату многія СМІ чакалі ад яго слоў пра рэформы, адмену многіх касцёльных тытулаў, але Францішак з іроніяй абвергнуў гэтыя прагнозы. Ён нагадаў, што Касцёл – гэта не толькі кардыналы, біскупы і святары, але “усе мы”, і таму кожны ахрышчаны павінен скідаць з сябе шаты марнасці і духа гэтага свету, бо інакш, будзем “як хрысціяне з кандытарскай, як прыгожыя торты”.

Святы Айцец прыбыў у Асізі не для таго, каб “зрабіць навіну”, але каб указаць Касцёлу, што св. Францішак з’яўляецца сапраўдным прыкладам хрысціянскага жыцця. Касцёл, услед за ім, павінен скінуць з сябе непатрэбнае, упэўненасць і пасіўнасць, якія перашкаджаюць убачыць самае галоўнае – “тое, што Божае”.








All the contents on this site are copyrighted ©.