2013-10-04 16:01:22

Францішак заклікаў быць антэнамі настроеннымі на Божае слова


RealAudioMP3 Неабходна слухаць Езуса і быць антэнамі настроеннымі на Божае слова, каб прымаць і перадаваць яго. З такімі словамі Папа звярнуўся да прадстаўнікоў дыяцэзіяльнага сінода Асізі: духавенства, кансэкраваных асобаў і членаў душпастырскіх радаў. Ён сустрэўся з імі ў катэдральным касцёле св. Руфіна 4 кастрычніка 2013 г. Паводле Святога Айца, для Касцёла важна прабываць у пастаянным слуханні Божага Слова, бо яно “умацоўвае веру, насычае яе і адрараджае”. “І гэта Слова кранае сэрцы, навяртае іх да Бога і да Яго логікі, такой адметнай ад нашай; гэта Слова пастаянна абнаўляе нашы супольнасці”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што слуханне Божага слова важна для святароў і бацькоў. “Я думаю аб катэхетах, аб усіх выхавацелях: калі іх сэрцы не разагрэты Словам, як могуць разагрэць сэрцы іншых, дзяцей, моладзі, дарослых?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак расказаў, што калі думае пра хрысціян і Касцёл, яму прыходзіць у галаву слова “крочыць”. Паводле Святога Айца яно асабліва трапна гучыць у кантэнсце сустрэчы з прадстаўнікамі дыяцэзіяльнага сінода, бо само слова “сінод” азначае “крочыць разам”. Папа нагадаў пра важнасць сумеснага крочання, супрацоўніцтва, узаемнай дапамогі, перапрашэння, прызнання ўласных памылак, але таксама прыняцця прабачэння іншых. “Як важна гэта!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец таксама адзначыў, што важным для дыяцэзіяльнай супольнасці з’яўляецца місійны аспект: абвяшчаць аж да перыферый, якімі з’яўляюцца не толькі самыя далёкія куткі дыяцэзіі, але таксама людзі, якія знаходзяцца ў яе “цэнтры”, але духоўна вельмі далёкія. “Не бойцеся выйсці і ісці насустрач гэтым асобам, гэтым сітуацыям”, - заклікаў ён.

Пасля сустрэчы з дыяцэзіяльным сінодам Асізі, Францішак завітаў у базыліку св. Кьяры, дзе ў цішыні памаліўся перад крыжам св. Даміяна, які захоўваецца тут.








All the contents on this site are copyrighted ©.